Берасце засталося без элітнага кіно


Берасцейцы не маюць магчымасці глядзець лепшая сусветнае кіно на вялікім экране ў кінатэатрах гораду, яго проста не паказваюць.

Гэтак, толькі за апошнія некалькі месяцаў у мясцовых кінатэатрах не паказалі пераможцу сёлетняга Оскара«Паразітаў», а таксама антываенную трагікамедыю «Трусіка Джоджо». Апошняй кропляй стала адмова мясцовых кінапракатчыкаў паказаць апошні фільм брытанскага рэжысёра Гая Рытчы «Джэнтльмены».

«Пытанні былі ўжо даўно. Пытанні былі пасля таго, як у пракаце не паказалі фільм «Лютасць» і вядомы фільм «На меркаванне сумлення». Людзі пакрыху сталі пісаць у «Інстаграме» і «УКантакце», але адказу не атрымлівалі. І так супала, што вельмі шмат людзей сабралася разам з адным і тым жа пытаннем, і мы вырашылі наўпрост звярнуцца да аблпракату і даведацца, чаму«, – распавяла Вольга Барысюк, аматарка кіно.

Цяпер берасцейцы пішуць звароты да кінапракатчыкаў праз сацыяльныя сеткі, а таксама яны накіравалі афіцыйны зварот, на які адказу пакуль не атрымалі. Галоўная іх мэта – быць пачутымі.

«Мы хочам, каб з намі сустрэліся, каб нам нейкім чынам адказалі, каб спыталі: а чаго вы хочаце? Пакажыце – можа ёсць якія недахопы, што мы можам выправіць разам?» – пытае Вольга.

А пакуль у сацыяльных сетках пачаўся флэш-моб пад пад гэштэгам Верникино, да яго далучыліся дзясяткі берасцейцаў.

«Я думаю, што шмат якія берасцейцы хочуць глядзець сусветнае якаснае кіно на вялікім экране ў кінатэатры, а не шукаць дрэнную пірацкую версію ў інтэрнэце альбо скачваць праз торэнты. Вось таму мы хочам, каб у Берасце вярнулі сусветнае кіно», – кажа кіраўнік арганізацыі «За свой горад» Ігар Маслоўскі.

У бліжэйшыя выходныя ў берасцейскім пракаце расейскія фільмы складаюць амаль палову. Як лічаць адмыслоўцы заканадаўства ў Беларусі таму, што маленькім залам проста не выгадна займацца паказам фільмаў.

«Незалежныя маленькія культурніцкія пляцоўкі пастаўленыя ў такія ўмовы, што мы не можам паказваць і самі глядзець якаснага артгаўснага разумнага кіно, таму мы просім, каб вялікія пляцоўкі, якія могуць гэта сабе дазволіць, паказвалі і прывозілі сусветныя прэмʼеры, які задавальнялі б густ разумнай і адукаванай аўдыторыі», – распавяла Святлана Гайдалёнак з прасторы «Крылы Халопа».

Мы звярнуліся ў «Берасцеаблкінавідэапракат», каб даведацца, чаму склалася такая сітуацыя.

— Мне сказалі не пускаць вас.

— А хто сказаў?

— Няважна, паступіла такая інфармацыя, што вы, як арганізацыя карэспандэнтаў, не акрэдытаваныя.

Пакуль дзяржаўная арганізацыя не вядзе дыялогу з журналістамі ды кінааматарамі. Апошнім пакуль застаецца шукаць фільмы ў інтэрнэце, ехаць на прэм’еры ў іншыя гарады – альбо больш настойліва змагацца за свае правы.

Алесь Ляўчук, «Белсат»