Белстат: у Беларусі павялічваецца заробкавая няроўнасць

Павялічваецца заробкавая няроўнасць. Звесткі Белстату сведчаць: прыбыткі заможных і бедных у Беларусі адрозніваюцца ў разы.

Як падлічыў нацыянальны статыстычны камітэт, мінімальны заробак топавых працаўнікоў у 4 разы большы за максімальны заробак самых бедных. Як выжываюць тыя, хто працуе, але мала зарабляе?

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Лепей сюды не прыязджаць і не ўладкоўвацца на працу!»

Гэтак пра вёску Вялікая Машчаніца, што ў Бялыніцкім раёне, кажуць мясцовыя жыхары. Прычына – нізкія заробкі ў калгасе «Радзіма».

«У мяне муж працуе ў калгасе. Цяжка пражыць у тым плане, што заробак зусім маленькі, даюць яго часткамі – нешта далі, нешта не далі. Адзінае, што ратуе, – я працую выхавацелькай, тут стабільнасць», – распавядае жыхарка Вялікай Машчаніцы Вольга.

Муж Вольгі – жывёлавод. За месяц зарабляе каля 300 рублёў. Пры тым, што працуе ледзь не па 12 гадзінаў на содні ды амаль без выходных. Калі б не ўласная гаспадарка – сям’ю з трыма дзецьмі б не выцягнулі. Словы Вольгі пацвярджаюць і іншыя жыхары вёскі:

«Ёсць і бульба, і бурак, і кавун. Усё ёсць. Перцы, агуркі садзім, памідоры. Былі козы, цяпер парасяты, куры, трусікі, качкі, гусі. Так і жывем».

«Цяпер дадалі камунальныя паслугі, аплата дадаецца паўсюль, пасля новага года ўсё падаражэла, а заробак не падняўся».

«Па заробку хто як – у паляводаў па 250–300 рублёў выходзіць. У даярак па 500 рублёў – калі больш, калі меней выходзіць».

А таксама хтосьці больш, а хтосьці меней. Звесткі Белстату сведчаць: прыбыткі заможных і бедных у Беларусі адрозніваюцца ў разы. Гэтак, у лістападзе мінімальны заробак 10 % самых высокааплатных працаўнікоў быў у чатыры (4,1) разы вышэйшы за максімальны заробак 10 % самых нізкааплатных работнікаў.

«Прадпрыемствы працуюць не вельмі добра, адпаведна, заробкі нізкія. Гэта прыводзіць да далейшага росту гэтага разрыву. Чым большае істотнае павышэнне эканамічных паказнікаў, тым меншы разрыў паміж заробкамі», – тлумачыць прычыны навуковы працаўнік «BEROC» Алег Мазоль.

Традыцыйнае абвінавачанне – мала зарабляеце, бо дрэнна працуеце, бо прадукцыя прадпрыемстваў не канкурэнтаздольная, на думку эканаміста Пятра Мігурскага, слушнае. Толькі ёсць адно «але»:

«Ці вінаватыя ў гэтым простыя працаўнікі? Хутчэй за ўсё трэба шукаць тых, хто дрэнна працуе, у вертыкалі, прэзідэнцкай вертыкалі, каторая не можа арганізаваць добрую працу людзей, якія працуюць на зямлі і на фермах, і не дазваляе гэтага зрабіць самім людзям».

Паводле адмыслоўца, выхадам з цяжкай фінансавай сітуацыі, што склалася ў сельскагаспадарчых рэгіёнах, магло б стаць вяртанне да развіцця асабістай падсобнай гаспадаркі, якую фактычна знішчылі ў 90-ыя.

Анастасія Русецкая belsat.eu

Глядзі таксама