«Белсат» пераследуюць за праўду


Затрыманні, канфіскацыя тэхнікі, буйныя штрафы ды нават арышты. Гэтак апошні час выглядае праца журналістаў «Белсату» у Беларусі. На пачатку чэрвеня фрылансераў Аляксандра Баразенку і Алену Дубовік узялі пад варту пасля стрыму ў Бабруйску.

«Мяне ад аператара забралі два АМАПаўцы і павезлі ў пастарунак. Там некаторы час вадзілі асобна, па калідорах, трэба было нечага чакаць, стаяць каля сценкі», – распавядае журналістка-фрылансерка Алена Дубовік.

Толькі за апошні месяц на журналістку Галіну Абакунчык склалі сем пратаколаў. Паводле двух з іх ужо прызначылі штрафы на больш як дзве тысячы рублёў. А затрыманні здымачнай групы выглядалі як захоп і спецаперацыя, распавядае журналістка.

«АМАП, ДАІ, працаўнікі міліцыі ў форме, працаўнікі міліцыі ў цывільным. Наколькі гэта законна, можна меркаваць па тым, што, напрыклад, рэчы ў торбе і ў кішэнях правяралі проста на вуліцы, без аніякіх пратаколаў і сведак. А ў Салігорскім райаддзеле намеснік старшыні міліцыі прынёс паперку, з якой міліцыянтка пісала пратакол. Прычым мы там нават не працавалі, у нас сувязі не было», – кажа журналістка Галіна Абакунчык.

За ўвесь час працы з журналістаў «Белсату» спагналі каля ста дзвюх тысяч долараў у эквіваленце. Сёлета лічба штрафаў набліжаецца ўжо да дзевяці тысяч долараў.

«Тое, што адбываецца цяпер, напярэдадні выбараў, паказвае, наколькі ўлады хочуць закрыць магчымасці распаўсюду праўдзівай інфармацыі», – распавядае кіраўнік рэдакцыі інфармацыі «Белсату» Зміцер Ягораў.

Попыт жа на праўдзівую інфармацыю расце. З траўня да каналу «Белсат Ньюз» далучыліся каля сямідзесяці тысячаў новых гледачоў. За гэты ж перыяд відэа нашага тэлеканалу больш за 40 разоў траплялі ў трэнды Youtube. Сотні тысяч праглядаў збіралі стрымы, да якіх цяпер – найбольшая ўвага сілавікоў.

«Колькасць затрыманняў журналістаў і колькасць праблем, з якімі сутыкаюцца журналісты ў сваёй паўсядзённай працы, значна павялічылася. Адсюль мы робім выснову, што ўсё ж такі гэты пераслед, па-першае, палітычна матываваны, і, па-другое, безумоўна звязаны з кампаніяй па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», – мяркуе юрыст і намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.

Беларуская асацыяцыя журналістаў разам з шэрагам айчынных медыяў заклікала ўлады Беларусі спыніць пераслед журналістаў. 19 і 20 чэрвеня – падчас апошняга дня збору подпісаў і акцыі салідарнасці з арыштаванымі палітыкамі – міліцыя затрымала не менш за чатырнаццаць прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.

Юлія Лабанава, «Белсат»