Беларусы ставяць подпісы за альтэрнатыву Лукашэнку


Менск, Віцебск, Магілёў, Слуцк – па ўсёй краіне збіраюць подпісы за прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Ці шмат людзей шукае альтэрнатыву Аляксандру Лукашэнку? І што турбуе людзей у першую чаргу?

Сабралі прыблізна дзвесце тысяч подпісаў, але спыняцца не трэба: першымі поспехамі ў выбарчай кампаніі пахваліўся Аляксандр Лукашэнка. Паводле кіраўніка дзяржавы, подпісы за яго збіраюць 15 групаў. Збор пачалі і ягоныя супернікі.

У Віцебску – пад акампанемент песняў Цоя – ладзілі пікет прыхільнікі лідара Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргея Чэрачня. У Менску подпісы збіралі прыхільнікі бізнесоўцаў Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы ды экс-дэпутаткі Ганны Канапацкай.

«Я бачу ўсе тыя праблемы, якія ёсць у адукацыі, я бачу ўсе тыя праблемы, якія існуюць у эканоміцы, таму што ад эканомікі залежыць тое, які заробак будзе атрымліваць супрацоўнік на буйным прадпрыемстве, і той жа лекар у маленькім раённым цэнтры», – распавядае Ганна Канапацкая.

У райцэнтры – Слуцку – подпісы для жонкі Святланы збіраў блогер Сяргей Ціханоўскі. Ён абураўся прывілеямі чыноўнікаў і неабароненасцю грамадзянаў.

«Асфальт, які ён праклаў ля свайго дамка: людзі каля школаў не маюць, каля дзіцячых садоў няма! Жанчына прыйшла – няма сцяжынак, людзі ходзяць па праезнай частцы. А каля дому мэра Слуцка Янчэўскага ёсць асфальт», – распавядае гледачам свайго стрыму Сяргей Ціханоўскі.

У Магілёве пад беларускія рок-гіты збіралі подпісы за лідара Аб‘яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова. Як адрэагавалі людзі?

«Калі яны чуюць, што мы супраць Лукашэнкі, што мы за змяняльнасць улады, то яны падыходзяць і аддаюць свой подпіс», – кажа сябра Аб‘яднанай грамадзянскай партыі Таццяна Сівачэнка.

Чаго чакаюць ад выбараў тыя, хто згадзіўся падтрымаць апазіцыйнага кандыдата?

«Бясплатная медыцына, бясплатная адукацыя! Дзе яны ў нас бясплатныя? Медыцына платная! Цэны якія ў аптэках! Пенсіянеру гэта недаступна!»

«Я супраць толькі аднаго – супраць таракана, які 26 гадоў таму захапіў уладу і толькі здзекуецца з беларускага народу!»

«Выбару ў нас шмат гадоў не было, а цяпер абстаноўка ў краіне такая, што людзі ўжо на мяжы».

Аніводныя беларускія выбары пасля 1994 года міжнародная супольнасць не прызнала дэмакратычнымі. Выбарчая кампанія, аднак, абуджае грамадства.

«Людзі хочуць пераменаў, і, калі з’яўляюцца нейкія варыянты, якія даюць маленькі шанец, людзі за гэты шанец хапаюцца. Яны гатовыя на яго рэагаваць і падтрымліваць. Гэта паказвае, наколькі высокі градус сацыяльнай напружанасці ў грамадстве», – зазначае палітолаг Валер Карбалевіч.

Тым часам у кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» прааналізавалі, хто будзе лічыць галасы. Сярод дзвюх тысяч сябраў выбарчых камісіяў апазіцыю рэпрэзентуюць толькі дзве асобы. 23 кандыдатуры мясцовыя ўлады адхілілі – у тым ліку Уладзіміра Шанцава.

«Не патрэбны ў складзе выбарчай камісіі прадстаўнік апазіцыі. Тады будуць выкрытая шмат якія негатыўныя факты, якія яны хочуць схаваць. Тое, што яны няправільна лічаць галасы, тое, як яны працуюць, стала б вядома грамадскасці», – кажа сябра АГП.

Участкі для галасавання мясцовыя ўлады сфармуюць праз два тыдні – 7 чэрвеня, а 19 чэрвеня ўдзельнікі кампаніі павінныя прынесці сабраныя подпісы ў ЦВК.

Аляксандр Папко, «Белсат»