Беларусы рэагуюць на магчымую інтэграцыю


У Менску 20 снежня адбылася мірная акцыя супраць інтэграцыі з Расеяй. Удзельнікі пачалі на Кастрычніцкай плошчы, а працягнулі шэсцем да плошчы Незалежнасці.

«Сябры, вельмі шмат людзей прыйшло сёння. Прыйшло болей за сёмае-восьмае. Людзі супраць інтэграцыі з Расеяй», – апісаў пратэст Павал Севярынец.

Акцыю супраць інтэграцыі зладзілі і беларусы ў Беластоку. Арганізатараў пратэстаў у Беларусі неаднойчы вінавацілі ў састарэласці фармату акцыі. Крытыку тыя часткова прымаюць.

«Канечне, можа быць штосьці больш цікавае, больш бяспечнае нам бы хацелася для людзей прапанаваць, але мы дзейнічаем, на жаль, у тых варунках, у якіх мы дзейнічаем. Улады таксама не хочуць даваць нам ніякіх магчымасцяў для таго, каб выказваць сваё мірнае канстытуцыйнае права. Але мы павінны казаць, што ў нас гэтае права ў Канстытуцыі ёсць», – падзялілася з намі Вольга Кавалькова, сустаршыня БХД.

Таксама сёння а 12-ай гадзіне сталічныя прыхільнікі Саюзнае дзяржавы планавалі правесці мітынг на падтрыманне інтэграцыі, але не паспелі падаць заяўкі, і акцыя не адбылася. У сённяшнім жа вечаровым пратэсце, паводле назіральнікаў з праваабарончага цэнтру «Вясна», узялі ўдзел больш за тысячу сто чалавек.

Жыхары Менску падзяліліся думкамі наконт таго, чаму некаторыя не ходзяць на пратэсты:

«Вялікія пакаранні, суткі, потым звольняць з працы».

«Можа, не ўсе ўсведамляюць небяспеку гэтага ўсяго ці папросту занятыя цяпер Новым годам, іншымі справамі».

«Калі б усе былі зарганізаваныя – выйшлі, а так шмат абыякавасці вакол».

«Людзі, па-першае, запалоханыя. Па-другое, я не лічу, што яны могуць штосьці канкрэтна змяніць, але яны павінны падаграваць трошкі людзей».

Перад акцыяй у межах «Паглыбленага дыялогу», беларуска-шведскай камунікацыйнай пляцоўкі, адбыўся выніковы круглы стол, у часе якога апазіцыя абмеркавала асноўныя палажэнні Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі.

«Самы, самы крайні выпадак – гэта стварэнне партызанскіх атрадаў у выпадку ўвядзення Расейскай Федэрацыяй сваіх войскаў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь», – апавядае пра планы Рыгор Кастусёў, старшыня партыі БНФ.

На момант рыхтавання матэрыялу затрыманняў падчас акцыі не было.

Дзіяна Раткевіч belsat.eu