Беларусы распавялі, ці трэба біць дзяцей


30 гадоў таму была прынятая Канвенцыя ААН аб правах дзіцяці. Адное з найважнейшых яе палажэнняў – абарона дзяцей ад гвалту. Па дадзеных Белстату 65 % беларускіх дзяцей мінімум аднойчы ў жыцці сутыкаюцца з псіхалагічным ці фізічным гвалтам.

Маці дзвюх дачок і прадпрымальніцу Насту Базар можна назваць незвычайнаю матуляй. Ейны галоўны прынцып: дзіця – такі ж чалавек, як і дарослы, толькі маленькі.

«Калі мы кажам, што дзіця мусіць нас слухаць толькі таму, што мы дарослыя, то мы кажам пра іерархію», – распавядае Наста.

Прынцыпу безгвалтоўнага выхавання Наста прытрымлівалася заўсёды.

«Калі толькі ў мяне нарадзіліся дзеці, то ў мяне адразу было разуменне, што ніколі, ні пры якіх абставінах і ўмовах – аніякага фізічнага ўздзеяння. Я гэтаму вельмі радуюся. Я ніколі ў жыцці не ўдарыла сваіх дзяцей».

Паводле грамадскіх актывістаў, фізічны гвалт у дачыненні дзяцей – даволі балючая тэма для Беларусі. Летась нават кіраўнік краіны прызнаўся, што часам біў свайго старэйшага сына:

«Віктар як старэйшы часта атрымліваў ад мяне. Сярэдні, Дзіма, ужо бачыў, як Віцю трапляла, і ён роўна стаяў побач. Малодшага, яму 15-ты год, я ўвогуле ніколі не караў: ён гэтага не заслужваў», – казаў Аляксандр Лукашэнка.

Доктар псіхалагічных навук Уладзімір Янчук мяркуе, што фізічныя пакаранні дзяцей – праява нашай культуры:

«Чалавек робіць гэта не таму што ён злодзей ці агрэсар або ён такі байструк ды іншае. Але таму, што так адбылося, што, на жаль, так традыцыйна яго выхоўвалі на культуры пакарання», – кажа ён.

Што наконт фізічнага пакарання дзяцей думаюць беларусы?

«Я лічу, што нельга біць дзяцей у аніякіх выпадках».

«Дзяцей біць нельга, трэба знайсці іншыя шляхі. Вось у мяне самой унукі, я намагаюся іх пераканаць, распавесці. А біць – гэта не выйсце, яны яшчэ больш пачынаюць капрызнічаць».

«Каб было зразумела, але не балюча».

«Я б сваё дзіця не біў бы».

«Можа быць, толькі жартуючы ды гуляючы, але гэта ў ніякім разе не мусіць пераходзіць у тую мяжу, калі гульня становіцца гвалтам».

Паводле Андрэя Маханька, які займаецца тэмаю абароны правоў дзіцяці, у Беларусі створаная развітая сістэма дзяржаўнай абароны дзяцей:

«Дзіця можа паскардзіцца тым прафесіяналам, якія па сваім функцыянале адказваюць за абарону правоў дзяцей. Па-першае, гэта ўсе працаўнікі, настаўнікі, сацыяльныя педагогі, якія працуюць у школах і дзіцячых садках», – кажа ён.

У Беларусі Канвенцыя правоў дзіцяці набыла моц 1 снежня 1994 года. Галоўны закон, які абараняе дзяцей у нашай краіне, – гэта Закон «Аб правах дзіцяці ў Рэспубліцы Беларусь».

Ксенія Тарасевіч belsat.eu