Беларусы ізалююць дзяцей ад школы


Навучальнага працэсу ніхто адмяняць не будзе! Гэтак Міністэрства адукацыі пракаментавала магчымасць увядзення каранціну ў школах. Але бацькоў і педагогаў, якія выступаюць за ізаляцыю дзяцей, усё больш. Мінчанка Наталля Журына ўчора напісала заяву дырэктару школы, каб ейная дачка не наведвала заняткаў. Паводле жанчыны, у класе, дзе вучыцца дзяўчынка, так зрабілі некалькі чалавек.

«Перамовілася з настаўнікамі, як дзейнічаць, як рыхтавацца да ўрокаў. Яны гатовыя да гэтага. Вельмі добра сустрэлі гэтую навіну. Я лічу, што каранцін бы знізіў магчымы рост захворвання, але тут яшчэ важная асабістая адказнасць людзей».

Адной з прычынаў немэтазгоднасці ўводзіць каранцін Міністэрства аховы здароўя назваў невысокую свядомасць маладых людзей. Нягледзячы на афіцыйную адмову міністэрства, бацькі, якія хочуць ізаляваць дзяцей, могуць зрабіць гэта законна – у адпаведнасці з Сямейным кодэксам. Педагог Ганна Граноўская тлумачыць:

«Карыстаючыся артыкуламі 65 і 75, можна напісаць заяву, дзе паведаміць школе, што дзіця не будзе наведваць школы з такога да такога дня і на падставе чаго».

Стрымлівае бацькоў, якія хацелі б ізаляваць сваіх дзяцей, пытанне, як арганізаваць навучанне. Магчыма, рашэннем магло б стаць дыстанцыйнае навучанне, на якое пераходзяць краіны-суседкі? У прыватнай сталічнай школе «Стэмбрыдж» выкарысталі такі фармат. Але, са словаў дырэктаркі школы Наталлі Іскарцавай, рыхтаванне пачалося даўно і не было звязанае з каранцінам.

«Досвед Расеі паказвае, што можна, досвед наш паказвае, што можна. Можна рабіць не ўсё адразу, дыстанс, кавалачкамі працэс, пераводзячы, без страты ўсяго. Лепш страціць трохі, чым страціць увесь працэс», – кажа Наталля.

Існуюць і іншыя варыянты навучання па-за школьнымі сценамі. Расказвае настаўніца Алена Саўко:

«Можна спрабаваць мець зносіны праз «Вайбэр», можна фармуляваць і высылаць іх праз «Вайбэр» альбо выкарыстаць тыя пляцоўкі: я ўпэўненая, што нашыя педагогі, нават у школах, у тым ліку ведаюць розныя платформы. «Учи.ру», «Фоксфорд» і іншыя, на якіх ёсць заданні па прадметах».

Пакуль што афіцыйна фармат навучання ў школах не мяняецца. Міністэрства адукацыі зняпраўдзіла інфармацыю пра перанос вакацыяў на тыдзень раней. Але Наталля Журына плануе перачакаць складаную эпідэміялагічную сітуацыю ўсёй сямʼёй дома.

«Я звяла да мінімуму зносіны з людзьмі, стараюся не перасоўвацца па горадзе, дарабляць усе справы, якія неабходна вырашыць, каб потым не выязджаць нікуды, перавяла працу ў онлайн».

За самаізаляцыю і каранцін выступае не адна Наталля. У сеціве зʼявілася петыцыя з патрабаваннямі афіцыйна закрыць установы адукацыі. За 5 дзён яна сабрала больш за 16 тысяч подпісаў.

Алена Дубовік, «Белсат»