Беларусы і тэатр: хто наведвае, які рэпертуар папулярны, і чаго не стае беларускаму тэатру?

Сённяшні дзень у культуры – пад знакам Мельпамены. Міжнародны дзень тэатру адзначаецца з 1961 года і лічыцца прафесійным святам усіх тэатральных працаўнікоў. У Беларусі першы прафесійны тэатральны калектыў з’явіўся ў пачатку мінулага стагоддзя, гэта была трупа Ігната Буйніцкага. А пра сённяшні тэатр – Ірына Дарафейчук.

«Тэатр – дарагое задавальненне, задавальненне душы, таму за гэта трэба плаціць грошы».

Амаль 10 тысяч спектакляў, канцэртаў, творчых вечарынаў адбылося ў беларускіх тэатрах цягам мінулага года. Наведала іх каля двух мільёнаў гледачоў. Толькі менскія тэатры налічылі больш за 800 тысяч наведванняў. Што найбольш любяць у сталіцы?

«На оперу і балет – цудоўныя спектаклі, і кошты вельмі даступныя».

«Мы камедыі любім. Музкамедыі – нашае шчасце, радасць. Нам гэта падабаецца».

«Мы любім беларускія і стараемся хадзіць, прынамсі на прэм’еры», – распавядаюць жыхары Менску.

Паводле статыстыкі, першае месца паводле наведвальнасці ў Менску займае Тэатр оперы і балету. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы – на чацвертым месцы, на яго прыпадае пяць адсоткаў глядацкай актыўнасці жыхароў сталіцы. Чаму лічбы выглядаюць менавіта так – патлумачыў мастацкі кіраўнік Купалаўскага Мікалай Пінігін:

«Ёсць Оперны тэатр, дзе больш за тысячу месцаў, у нас – 340. Калі мы будзем лічыць як нас наведваюць гледачы, – гэта 95 адсоткаў. Такіх звестак няма не толькі па Менску, але і па Беларусі сярод драматычных тэатраў».

Мікалай Пінігін адзначыў, што паводле сусветнай статыстыкі толькі сем адсоткаў насельніцтва наведвае тэатр, бо гэта патрабуе інтэлектуальных высілкаў. Менчукі згадалі і іншыя прычыны, з-за якіх рэдка ходзяць у тэатр.

«На жаль, хаджу рэдка, гэта звязана з кампаніяй. Хочацца раздзяліць радасць з кімсьці, але не заўсёды атрымліваецца».

«Я больш люблю выставы, тэатр гэта не маё».

«Білеты недасяжныя абсалютна».

«Для студэнтаў дорага. А калі даюць ва ўніверсітэце нейкія квіткі – то пастаноўкі не вельмі падабаюцца», – жыхары Менску дзеляцца.

Сёння ў Беларусі дзеюць 29 прафесійных тэатраў, Купалаўскі тэатр – найстарэйшы з іх, налета ён адзначыць стагоддзе. А менш як месяц таму ў Купалаўскі прызначылі новага дырэктара. Ім стаў былы міністр культуры і амбасадар Павел Латушка.

«Чалавек, які любіць тэатр. Не кожны міністр культуры любіў выключна тэатр, менеджар цудоўны, чалавек з мовамі замежнымі, інтэлігентны чалавек», – гаворыць Мікалай Пінігін.

Найбліжэйшая прэм’ера ў Купалаўскім запланаваная на пачатак ліпеня. І будзе гэта інсцэнаванне кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Агулам жа спектаклі беларускіх аўтараў складаюць каля траціны рэпертуару беларускіх тэатраў.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Глядзі таксама