«На панэль пойдзем». Беларусы пра імклівы рост вонкавых пазыкаў

Беларусь патанае ў даўгах. Як паведамляе рэйтынгавае агенцтва «Фітч», дзяржаўная замежная запазычанасць нашай краіны перакрочыла палову валавога ўнутранага прадукту, пры тым, што раней улады ўсталявалі парог бяспекі на 45 %. Чаму не ўдаецца ўтаймаваць рост пазыковай піраміды і як гэта адбіваецца на беларусах?

Неэфектыўныя дзяржпрадпрыемствы цягнуць на дно ўсю беларускую эканоміку. Гэта вынікае са справаздачы рэйтынгавага агенцтва «Фітч», у якога міжнародныя аўдытары ацанілі крэдытаздольнасць нашай краіны.

Што праўда, у сярэднетэрміновай перспектыве «Фітч» ацэньвае беларускі дзяржаўны доўг як стабільны, дзякуючы некалькім чыннікам. Па-першае, дзякуючы цыклічнаму аднаўленню на замежных рынках і падаражэнню нафты. Па-другое, праз актыўны рост сектару камп’ютарных тэхналогіяў, які летась павялічыў свае продажы на траціну. Але, галоўнае, – застаецца магчымасць аператыўна перапазычыць грошы на фондавых рынках і ў Расеі. Адмыслоўцы асцерагаюць: крэдытавая залежнасць Менску ад Масквы нясе рызыкі.

«Яны не ідуць насустрач кожнай нашай просьбе. Сярод іншага, 6-7 транш дапамогі праз Еўразійскі банк развіцця, ён затрымаўся. Хоць меў трапіць да нас у леташнім кастрычніку», – кажа былы дарадца старшыні Нацбанку РБ Сяргей Жбанаў.

Апроч гэтага, «Фітч» падкрэслівае яшчэ шэраг трывожных тэндэнцыяў. Па-першае, няўстойлівыя фінансы банкаў, якім можа спатрэбіцца бюджэтнае папаўненне. Па-другое, неэфектыўнасць дзяржаўных прадпрыемстваў, чые пазыкі даводзіцца, зноў жа, пакрываць бюджэту. З улікам дзяржаўных гарантыяў за пазыкі прадпрыемстваў замежны доўг нашай краіны перасягнуў летась 50 % ад валавога ўнутранага прадукту, пры тым, што, паводле параметраў бяспекі, вызначаных урадам, гэты паказнік не павінен быў перавысіць 45 %.

Жыхары Магілёва:

«Будзем працаваць – будзе чым аддаваць».

«Хутчэй за ўсё, будзем прадаваць».

«На панэль пойдзем. Гандляваць сабой будзем. А што яшчэ – якія варыянты?»

«Аддаваць будзе наступнае пакаленне. Ці разлічваць, што Расея прабачыць. Але Расея проста так не прабачыць – за нейкія прэферэнцыі. Дайце базу, дайце войскі расейскія на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

У сваёй справаздачы міжнародныя аўдытары адзначаюць, што ўжо цяпер, нягледзячы на надзвычай спрыяльныя вонкавыя ўмовы, беларускі бюджэт працуе з дэфіцытам. То бок даходаў не стае на тое, каб пакрываць выдаткі. Між тым, у найбліжэйшыя два гады, паводле прагнозаў «Фітч», эканамічны рост Беларусі ўпадзе ніжэй за 3 % гадавых – найгоршы паказнік у рэгіёне. А кошт абслугоўвання беларускіх пазыкаў прыблізна – 16 %, што значна вышэй, чым у суседзяў. Гэта азначае, што, хоць сёлета фінансавая сітуацыя краіны стабілізавалася, надалей – яна зноў пачне пагаршацца.

«Сацыяльныя праграмы будуць урэзаныя. Ні аб якіх нават унутраных інвестыцыях, у тым аб’ёме, як іх хацелася б, не можа ісці гаворкі», – кажа Сягрей Жбанаў.

Адмыслоўцы канстатуюць, выплаціць пазыкі шляхам ашчаджэння, пры існай эканамічнай сістэме – немагчыма без рэзкага пагаршэння ўзроўню жыцця людзей. З гэтых пазыкаў можна толькі «вырасці» – калі, праз рынкавыя рэформы, рост эканомікі пачне абганяць павелічэнне даўгавых плацяжоў.

Станіслаў Івашкевіч belsat.eu

Глядзі таксама