Беларуссю кіраваў бы Пуцін, калі б не было гэтай дэкларацыі


25-га жніўня 1991 года пазачарговая сесія Вярхоўнага Савету Беларусі надала статус канстытуцыйнага закону Дэкларацыі аб суверэнітэце нашай краіны.

Прыняў гэтую дэкларацыю Вярхоўны Савет годам раней, але сілу закону дакумент набыў менавіта ў 91-ым, праз тры дні пасля правалу путчу ў Маскве.

«У дзень калі ляснуў ГКЧП, эйфарыя на плошчы, усе абдымаюцца і адзін Пазняк мае напружаны твар: хлопцы гісторыя нам дала тры дні, калі за гэтыя тры дні вырашым пытанне незалежнасці – будзем незалежнымі, калі не – то не», – узгадвае дэпутат вярхоўнага савету ХІІ склікання Юрась Беленькі.

Ужо на наступны дзень, падкрэслівае Юрась Беленькі, Расея выказала намер не дапусціць незалежнасці былых рэспублік.

Ва Украіне, дзе падобнае рашэнне Вярхоўная Рада прыняла 24-га жніўня, – гэты дзень адзначаецца як Дзень незалежнасці. У Беларусі ж гэтай даты афіцыйна не адзначаюць, Але да незалежнасці нашай краіны сённяшнія беларусы ставяцца пераважна пазітыўна.

«Усё што ні робіцца – да лепшага так што недарма яны пастановы прымалі».

«Мне ў Саюзе лепш было. – Чаму? – Таму што тут бардак і карупцыя паўсюль».

«Добра, мы незалежныя людзі, мы любім сваю Беларусь і хочам жыць у ёй».

«Ганарымся, што Беларусь самастойная».

«Не, не зусім, вельмі вялікая эканамічная залежнасць ад Расеі», – кажуць жыхары Менску.

Тыя дэпутаты, што былі ў меншасці ў Вярхоўным Савеце БССР дванаццатага склікання, і тыя культурныя дзеячы, якія падтрымлівалі рух да незалежнасці, здолелі і паспелі закласці падмурак суверэннай беларускай дзяржавы.

«Мы маем юрыдычную канву незалежнай дзяржавы, мы маем міжнароднае права, якое ахоўвае нас, і мы маем пэўныя магчымасці рэалізоўваць беларускія мэты, нягледзячы на маскоўскі ціск», – Адзначае Юрась Беленькі.

Калі б не было 25 жніўня 1991-га года, Беларусь засталася б на тых жа правах у складзе Расеі, што Татарстан ці Чачэнія, падкрэслівае палітык.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»