Беларускі сцэнар выбараў у Казахстане


Жыхары Казахстану выбіраюць новага кіраўніка краіны. Сцэнар у пэўным сэнсе беларускі – галоўны кандыдат абяцае стабільнасць, апазіцыя расцярушаная і не мае адзінага сцэнару дзеянняў, а прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці заклікаюць байкатаваць выбары. Але нягледзячы на ўсе падабенствы – у Казахстане ніхто не ўпэўнены, колькі гадоў пратрымаецца ва ўладзе спадкаемца Назарбаева.

Апоўдні ў Алматы з заклікамі байкоту выбараў вышлі некалькі соцень чалавек. Дзясяткі былі затрыманыя. Таксама затрыманні адбыліся і ў сталіцы краіны, горадзе Нур-Султане.

Пасля пратэстаў сілавікі некалькі гадзінаў блакавалі цэнтральныя кварталы Алматы, такая рэакцыя на заклікі байкоту выбараў зразумелая. Забяспечыць высокую яўку выбарцаў – самы галоўны выклік для ўладаў.

Адметнасць выбараў – упершыню ў найноўшай гісторыі Казахстану яны праходзяць без удзелу Назарбаева, які кіраваў краінаю апошнія амаль трыццаць гадоў.

«Пра выбары нічога не думаю, нават не збіраюся туды ісці. Не цікава».

«Трэба абавязкова галасаваць, рэалізаваць сваё права выбару. За стабільнасць, разумееце».

У выбарчых бюлетэнях сем прозвішчаў – дзейны кіраўнік краіны Касым-Жамарт Такаеў ды яшчэ шэсць кандыдатаў, сярод якіх вылучаецца апазіцыйны грамадскі дзеяч, журналіст Эміржан Касанаў. Паводле палітычных экспертаў, Касанаў мог бы акумуляваць да 30-ці адсоткаў галасоў пратэставага электарату – тых, хто не задаволены суперпрэзідэнцкай формай кіравання. У выбарчым штабе палітыка гучаць яшчэ больш смелыя прагнозы.

«Мы максімалісты, разлічваем, што пройдзем у другі тур. Але гэта залежыць ад назіральнікаў, якіх мы падрыхтавалі», – распавядае Максат Жакауаў, кіраўнік штабу ў Алматы.

Але пажаданні кардынальна адрозніваюцца ад рэчаіснасці. Альтэрнатыўныя кандыдаты наўрад ці атрымаюць больш за 5-7 адсоткаў, кажуць эксперты.

«Гэта электаральныя кампанія – яна характарызуецца тым, што няма палітычнай канкурэнцыі, яна выразна паказвае, што няма спаборніцтва ў выбарах, палітычная прастора ў Казахстане стэрылізаваная, і няма сур’ёзных апазіцыйных сілаў, якія змагаліся б за ўладу праз механізм выбараў», – лічыць Дымаш Альжанаў, палітолаг.

Аб пэўным несурʼёзным стаўленні да публічнага боку выбарчай кампаніі з боку ўдзельнікаў кажа нават той факт, што на дэбаты кандыдатаў у прэзідэнты не прыйшоў фаварыт гонкі, спадар Такаеў. Уся ўвага, кажуць эксперты, да працэсу транзіту ўлады.

«Абяцанні і галоўны козыр на гэтых выбарах Касым-Жамарта Такаева, апроч адміністрацыйнага рэсурсу, гэта абяцанне таго, што ўсё будзе як было. Гэта і ёсць адметнасцю казахстанскага транзіту ўлады, калі захоўваецца ў папярэдняга прэзідэнта шмат магчымасцяў для таго, каб адсачыць, што працэс перадавання ўлады будзе непарушны», – выказвае меркаванне Адыль Каўкенаў, палітолаг.

Новы кіраўнік краіны сканцэнтруе фокус увагі на сацыяльных пытаннях. Пры гэтым першы прэзідэнт Назарбаеў дагэтуль захоўвае кантроль над сілавым блокам краіны. І як доўга гэта працягнецца – не вядома. Суразмоўцы «Белсату» прагназуюць далейшую палітызацыю грамадства, бо на выбарах 9-га чэрвеня працэс транзіту ўлады тут не скончыцца.

«30 гадоў аўтарытарызму, пераразмеркаванне рэсурсаў ад нафты праз карупцыйныя схемы і дзяржаўныя тэндары, якія прымушаюць бізнес быць лаяльным палітыцы ўладаў, – гэтая мадэль тупіковая. І пратэст, які сёння спрабуе аформіцца ў больш зразумелыя патрабаванні, – ён пра гэта. Ён не толькі аб непрыняцці фігуры Такаева, гэта непрыняцце той сістэмы, якую пабудаваў Назарбаеў», – лічыць Дымаш Альжанаў, палітолаг.

Напярэдадні дня галасавання прэзідэнт Казахстану і галоўны кандыдат на выбарах заявіў аб прынцыповай пазіцыі – правесці справядлівыя выбары. У сваю чаргу студэнты ў размове з карэспандэнтам «Белсату» пацвердзілі «настойлівыя просьбы прыйсці і прагаласаваць». Тое самае было і падчас выбараў 2015 года.

«Мы ведаем, што з бліжэйшых гарадоў студэнтаў проста возяць па гарадах, і яны пачынаюць галасаваць на ўсіх розных участках», кажа Алена Шаўцова, выканаўчая дырэктарка фонду «Крылы свабоды».

На апошніх прэзідэнцкіх выбарах у Казахстане Назарбаеў набраў 97,75 % галасоў. Вынікі пераемніка лідара нацыі абяцаюць агучыць ужо ў панядзелак.

Аркадзь Несцярэнка, Дзяніс Дзюба Алматы, Казахстан belsat.eu