«Едзем па медалі!», – казаў Дэйв Льюіс перад выездам беларускай зборнай на сёлетні чэмпіянат свету па хакеі ў Нямеччыне і Францыі. «Ох, як нам навалялі», – кажуць беларускія заўзятары пасля прагляду матчаў.
«Лёгка, з »голай« абаронай закідвалі шайбы ў нашую браму. То бок наш хакей, нашая краіна не ставіцца ні ўва што на чэмпіянаце свету», – мяркуе спартовы аглядальнік Аляксандр Пуціла.
Ні дзень адпачынку, ні канадскі трэнер не дапамаглі. Заўтра зноўку ў бой – гульня супраць Швейцарыі.
Лядовыя палацы грэюць паветра ледзь не ў кожным райцэнтры, прадпрыемствы і бізнес у дабраахвотна-прымусовым парадку скідваюцца на фінансаванне камандаў. І трэнера замежнага выпісалі, і гульцоў-легіянераў. А ў выніку нават на Алімпійскія гульні налета каманда не трапіць.
«У хакеі правал, у футболе правал, у біятлоне, дзе мы заўжды былі наверсе, – правал… Ніхто не скажа, што мы камусьці недаплацілі ці не прафінансавалі. Напэўна, проста зажраліся ў некаторых відах спорту», – тлумачыць паразы кіраўнік Беларусі.
Ён прыгразіў сур’ёзнымі наступствамі трэнерам і хакеістам. І паабяцаў абавязкова прывезці чэмпіянат свету ў Менск, праз 6-7 гадоў, як гэта было ў 2014-ым.
«Лукашэнка спачатку наракаў, што спорт змяшалі з палітыкай, потым сам прызнаваў, што гэта вялікая палітыка і гэтак далей. У нас усё падпарадкавана хакею, бо Лукашэнка яго любіць быццам бы, і чыноўнікі, некаторыя міністры нават гуляюць у хакей», – кажа Аляксандр Пуціла.
Сапраўды, чаму на лаве запасных пакінулі самага моцнага хакеіста ў Беларусі – Аляксандра Лукашэнку? Ужо ён бы паказаў, як трэба гуляць. Каманда Аляксандра Лукашэнкі перыядычна перамагае ў аматарскіх чэмпіянатах, якія адмыслова ладзяць у Менску. Каманда Колі Лукашэнкі рве на часткі ўсіх беларускіх супернікаў-юніёраў… А на міжнародных арэнах чамусьці – «стыдобішча».
Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Grigory Dukor / Reuters / Forum