Беларускі бок чакае афіцыйных каментароў МЗС Польшчы па пазіцыі ў справе Рамуальда Райса


Польскага амбасадара выклікалі ў беларускае Міністэрства замежных справаў для тлумачэння афіцыйнай пазіцыі ў справе сумнавядомага Рамуальда Райса, ацэнку дзеянняў якога днямі змяніў польскі Інстытут нацыянальнай памяці. У тэме двухбаковых гістарычных крыўдаў спрабаваў разабрацца Аляксандр Папко.

Беларускі бок чакае публічных афіцыйных каментароў – у Міністэрства замежных справаў выклікалі амбасадара Польшчы Артура Міхальскага.

«Нядаўняя інтэрпрэтацыя з боку Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы падзеяў на Беласточчыне ў 1946 годзе ўсё ж-такі выклікае вялікія пытанні», – кажа палітолаг Алесь Лагвінец.

Гаворка пра дзеянні атраду антыкамуністычнага партызана Рамуальда Райса. У студзені 1946 года ён спаліў пяць населеных беларусамі вёсак і забіў каля 80 мірных жыхароў, у тым ліку жанчын і дзяцей. 14 гадоў таму Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы прызнаў Райса адказным за ваеннае злачынства з «прыкметамі генацыду». Цяпер трактоўка змянілася.

«Размешчаная ў выніках следства інфармацыя, што […] забойствы ды спробы забойства гэтых асобаў належыць разглядаць як накіраваныя на знішчэнне часткі нацыянальнай і рэлігійнай групы, а значыць, тыя, якія адносяцца да катэгорыі генацыду, […] не адпавядае рэчаіснасці», – заявіў Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы (11.03.2019).

Іншымі словамі, Райс нібыта праводзіў не этнічную чыстку, а карную аперацыю ў вёсках, якія падазраваў у супрацы з камуністамі. Пад сумнеў ІНП ставіць і адказнасць Райса за забойствы, здзейсненыя ягонымі людзьмі, але самых ваенных злачынстваў не адмаўляе.

«Надалей правамоцным застаецца падсумаванне пракуратуры Інстытуту нацыянальнай памяці ад 2005 года. Толькі калі пракуратура правядзе новае следства і выдасць іншую пастанову, то толькі тады можна будзе казаць пра змену афіцыйнай пазіцыі», – тлумачыць Лукаш Ясіна з Польскага інстытуту міжнародных стасункаў.

Адмяняць заключэнне 2005 года інстытут пакуль не збіраецца. Януш Раманьчук, следчы Інстытуту нацыянальнай памяці, Беласток:

«Аўтарам гэтай заявы не ёсць следчыя структуры інстытуту. Таму я не магу яе каментаваць. У гэты момант мы не плануем зноў распачынаць скончанага следства».

Змякчаючы віну Райса, польскія афіцыйныя асобы рызыкуюць адкрыць сапраўдную скрынку Пандоры – непакояцца беларускія эксперты. Гісторык Ігар Мельнікаў мяркуе:

«Польскі бок дае магчымасць беларускаму боку зрабіць крок да перагляду падзеяў, якія, здавалася б, ужо зразумелыя. Гэта, напрыклад, 17 верасня 1939 года. Гэта дзейнасць Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі і барацьба супраць Арміі Краёвай ці міжваенны час».

Гістарычнаю палітыкаю займаецца ўжо не толькі Варшава, але і Менск. Яшчэ перад неадназначнаю заявай Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы спаленую Райсам вёску наведаў спікер Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.

«Іх вывелі вунь туды за вуліцу і забілі! І кажуць: «Пецю забілі і Зялінку забілі». І людзі сталі крычаць!» – распавядае жыхарка Заляшанаў.

За чвэрць стагоддзя перад гэтым драма польска-беларускага памежжа Менск не цікавіла.

«Цяпер ужо не едуць на працу ў Расею, едуць на працу ў Польшчу, бачаць, што там вышэйшы ўзровень жыцця, Польшча становіцца ўсё больш папулярнай. І ў сувязі з гэтым трэба на гэты імідж Польшчы паўплываць, пагоршыць яго», – робіць выснову журналіст, сябра Саюзу палякаў у Беларусі Андрэй Пачобут.

Злачынствы свае і чужыя трэба называць па імёнах, а пра ахвяраў з любога боку памятаць. Толькі такі падыход гісторыкі лічаць і прафесійным, і чалавечным.

«Трэба проста банальна ведаць гэтую гістарычную праўду і рабіць акцэнт на тым, што нас аб’ядноўвае. Трэба прыйсці да помніка і пакласці кветкі ды аб’яднацца. Таксама можна прыйсці да помніка польскім асаднікам, якія былі забітыя тымі ж беларусамі ці прадстаўнікамі беларускага насельніцтва 17 верасня і пасля гэтага», – прапануе Ігар Мельнікаў.

Дыялог, які сёння вядзе з беларускімі грамадствам і ўладамі польская амбасада, гісторык ацэньвае на «выдатна». Але вось будучыня гэтых кантактаў становіцца няпэўнаю. Сваю размову ў беларускім МЗС амбасадар Польшчы не каментуе.

Аляксандр Папко, belsat.eu