Беларуска ў Кітаі: «Хачу вярнуцца дамоў»


Выехала ў Кітай паводле абмену, добраахвотна і за свой кошт? Гэтак і вяртайся! Беларуская студэнтка баіцца падхапіць каронавірус і праз «Белсат» просіць ужо ў Міністэрства Замежных Справаў эвакуаці з правінцыі Хэнь-Ань. Статыстыка распаўсюду каронавіруса не кожнага пакідае спакойным: 27 тысячаў чалавек у каранціне, каля 600 – смяротныя ахвяры.

Фота на памяць з кветкамі ад медперсаналу – для кожнага, хто вылекаваўся. Гэта відэа са шпіталя ў правінцыі Хэнь-Ань, якое пры ўсім пазітыве не надта абнадзейвае нашых студэнтаў, якія знаходзяцца побач і баяцца пакідаць інтэрнаты.

«Я хачу вярнуцца дамоў. Дзеля таго каб мне дапамаглі, я звярталася ў Амбасаду Беларусі ў Кітаі. Пасол адказаў мне, што я не знаходжуся ў правінцыі Ху-Бэй, якая з’яўляецца ачагом эпідэміі, таму ён нічым не можа мне дапамагчы», – распавядае Насця Міхальчук, студэнтка Белдзяржуніверсітэту ў Кітаі.

Такі пратакол – эвакуяваць толькі з эпіцэнтру. У БДУ, з якога студэнтка на свой кошт выехала па абмене, таксама няма магчымасці дапамагчы. З-пад замка Насця выходзіць толькі ў краму, адкуль учора на яе вачах медыкі забралі дваіх з падазрэннем на каронавірус. Сядаць на цягнік да Пекіну – не вельмі хочацца, кажа Настасся:

«Дзеля таго каб самастойна дабрацца дамоў, мне давядзецца прайсці праз вялікія натоўпы людзей, дзе імавернасць заразіцца вялізная».

Беларускія студэнты ў Кітаі падтрымліваюць адно аднаго праз сацыяльныя сеткі. Шмат хто гатовы «перасядзець» эпідэмію. Але калі бачаць навіны пра эвакуацыю з суседняй правінцыі – робіцца зайздрасна. Учора борт Расеі і Узбекістану вывез 144 чалавекі – расейцаў, беларусаў, украінцаў і армянаў. Усе – у 14-дзённы каранцін.

«Выстаўленая ахова Расгвардыі. Тут ёсць дэзынфекцыйная камера, адмысловая ў гэтай установе і аўтаномныя ачышчальныя збудаванні, якія дазваляюць праводзіць дэзынфекцыю і ачышчэнне стокаў, каб нічога не трапіла ў навакольнае асяроддзе», – распавяла Ганна Папова, Федэральная з службы нагляду.

Хоць эвакуяваныя наракалі на санітарныя ўмовы пры пералёце, цяпер яны амаль дома. Праз каранцін, на час інкубацыйнага перыяду віруса 2019-nCoV, пройдуць і кітайцы, якія пачынаюць вяртацца з канікулаў. Ужо ў Беларусі – пятая частка студэнтаў, грамадзянаў Кітаю. Маюць вярнуцца яшчэ 870 асобаў. Рыхтуецца прыняць частку працаўнікоў і Кітайска-Беларускі індустрыйны парк «Вялікі Камень» пад Менскам.

«У нас ёсць усе звесткі, адкуль прылятаюць, калі прыбудуць, дзе пражываюць. На працы Парку гэта аніяк не адаб’ецца, бо тыя людзі, якія вярнуліся працуюць здальна, а на будаўніцтве працуюць беларускія падрадчыкі», – пракаментавала Вольга Рудая, прэс-сакратарка Адміністрацыі КБІП «Вялікі Камень».

Цяпер чакаюць першых 80 працаўнікоў з 400. Рэшту пакуль не выпускаюць Паднябёсная абмежавала грамадзянам службовыя камандыроўкі.

«Мы падтрымліваем сувязь з адміністрацыямі грамадзянскай авіяцыі іншых краінаў. Агулам накіравалі ўжо 70 лістоў. Кітай прыняў эфектыўныя захады па стрыманні распаўсюду эпідэміі – увёў мытны каранцін, каб пазбегчы непажаданых праблемаў», – распавёў Юй Бяў з упраўлення транспарту грамадзянскай авіяцыі.

Але ўнутры краіны – авіярэйсаў не спыняюць. Прымаюць таксама міжнародныя гуманітарныя грузы. Беларусь накіравала ў Пекін ужо другі самалёт з медыкаментамі. Назад борт вяртаецца пусты, хоць гіпатэтычна мог бы забраць сваіх грамадзянаў. Статыстыка пнеўманіі у Ў-Ханю расце: інфікаваныя каля 26 302, памерлі 563, вылекаваных 1 153. Распрацоўкаю вакцыны займаюцца некалькі краінаў.

«Сумесная кітайска-брытанская лабараторыя існавала яшчэ да ўспышкі захворвання – паміж кітайскімі ўстановамі і ўніверсітэтамі. Цяпер навукоўцы працуюць па 24 гадзіны», – сказаў Лю Сяў Мін, амбасадар Кітаю ў Вялікай Брытаніі.

Сотні экспертаў збяруцца 11-12 лютага ў штаб-кватэры Сусветнай Арганізацыі Здароўя ў Жэневе – шукаць новых шляхоў ды хутчэйшага атрымання вакцыны супраць каронавірусу.

Юлія Цяльпук belsat.eu