Беларусам не раскрываюць праграму інтэграцыі з Расеяй. Яе падпішуць у снежні

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падпішуць праграму па інтэграцыі Беларусі і Расеі ў снежні, а разам з ёю і шэраг пагадненняў, якія маюць вырашыць балючыя пытанні дачыненняў паміж нашымі краінамі. Пасля гэтага пачнецца праца над заканадаўствам, якое ўніфікуе Беларусь і Расею ў розных сферах. Праграма інтэграцыі ўжо існуе, закранае кожнага з нас, але нам яе змест дагэтуль не раскрываюць.

Лукашэнка і Пуцін падпішуць інтэграцыйныя дакументы 8-га снежня, на 20-я ўгодкі падпісання Дамовы аб Саюзную дзяржаву, пацвердзілі ва ўрадзе нашае краіны. Сярод іншага, кіраўнікі прымуць дарожныя мапы.

«Пасля дарожных мапаў распачнецца праца над нарматыўнымі актамі цягам 2020 года. Калі ўзяць мытню, то там практычна ўсё ўніфікавана яшчэ ў рамках ЕАЭС. Калі нейкія іншыя сферы, там людзі яшчэ нават не разумеюць маштабы неабходных зменаў», – заявіў міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый Крутой.

У Міністэрстве эканомікі ўдакладніць сутнасць словаў міністра адмовіліся. Пытанне, калі ўрэшце грамадзяне даведаюцца змест перамоваў, параілі задаць Савету Міністраў.

«Я так лічу, што гэта пытанне да ўраду. І я не згодны з вамі, што ніхто нічога не ведае. Даволі шмат публікацыяў ёсць аб хадзе самога працэсу», – сказаў нам праз тэлефон Віктар Еўтухоў, начальнік аддзелу сувязяў з грамадскасцю Міністэрства эканомікі.

Тэлефон жа прэс-сакратара прэм’ера Аляксандры Ісаевай у розныя гадзіны працоўнага часу не адказваў або быў заняты.

Інтэграцыя без падрабязнасцяў

На пытанне чаму ўлады Беларусі і Расеі не паведамляюць аб змесце дамовы аб інтэграцыі, менчукі падчас вулічнага апытання «Белсату» адказалі вось што:

«Думаю, ніхто нічога не скрывае. Такія дакументы вельмі доўга робяцца».
«Хутчэй за ўсё ёсць моманты, дзе зачапляюць наш суверэнітэт. Вось і ўсё».
«Гэта, вядома, турбуе. Увогуле, шчыра кажучы, з Расеяй не вельмі хочацца мець справу на вялікі рахунак. Хацелася б ад яе быць падалей».
«Калі ўсе межы будуць сцертыя, усё будзе скуплена. Як вядзецца бізнэс у Расеі, кожны ведае».
«Можа быць, размяшчэнне нейкіх узброеных сілаў. Бо ў свеце такая абстаноўка, суседзі і г. д».
«Напэўна таму што ў нас краіна партызанская. Усё так трэба, па-партызанску. А потым даведаемся».

Перамовы пра інтэграцыю вядуцца ўжо больш як восем месяцаў.

Прэм’ер Сяргей Румас сцвердзіў, што палітычных пытанняў у праграме рэалізацыі саюзнае дамовы няма. Маўляў, гаворка толькі пра эканоміку паводле прынцыпу «дзве краіны – адзін рынак». І заявіў: магчыма, апублікуюць гэтыя палажэнні постфактум – пасля таго, як урады Беларусі ды Расеі ўсё ўзгодняць.

«Калі будзе шлях да дарожных мапаў, я думаю, гэта будзе шлях у нікуды. Гэта тое, што Лукашэнка хоча. Перавесці вострую фазу перамоваў з Крамлём у нейкую такую рэгулятарную бязглуздзіцу, калі на выхадзе або падзішах здохне, або ішак», – мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук, кіраўнік Цэнтру Мізэса.

Лукашэнка ж напярэдадні заявіў, што пытанне канчатковых прапановаў наконт супрацы з Расеяй застаецца актуальным:

«Залежнасць вельмі вялікая, хай і ад братэрскае краіны».

Палітолаг Андрэй Ягораў з Цэнтру еўрапейскае трансфармацыі нагадвае, што кіраўніцтва Беларусі само завяло краіну ў гэтую залежнасць – сваймі дамовамі аб інтэграцыі ды эксплуатацыяй гэтай тэмы.

«Гэта стварае вось гэтыя праблемы, звязаныя з тым, што ўсё большую і большую частку суверэнітэту Расея патрабуе ад Беларусі, каб працягваць кампенсацыю», – дадае Ягораў.

Паводле эксперта, цяпер для пазбаўлення ад залежнасці ад Расеі трэба прымаць сапраўды рашучыя крокі.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Глядзі таксама