Прынамсі, агароднікі скардзяцца, што ў крамах з насеннем знікла цыбуля-сеянка. «Белсат» пайшоў на рынак, спраўдзіць, што здарылася.
На Камароўскім рынку цыбулі-сеянкі зусім няма. Прадаўцы кажуць: сеянка сёлета занадта дарагая ў закупцы, ад 6 да 11 руб/кг.
«Бывае, што неўраджайны год. У нас асноўны пастаўнік Галандыя, там неўраджай», – кажа прадавачка на Камароўцы.
А што рабіць без пасадкавага матэрыялу?
«Насеннем саджаць, можа, штосьці вырасце. Ці застанемся без цыбулі, будзем прывазную браць», – адказвае наведніца рынку.
Выраслі кошты і на цыбулю, гатовую для ежы. На Камароўцы айчынная смалявіцкая цыбуля каштуе 2,5 руб/кг. Ёсць і імпартная, егіпецкая, за 3 руб/кг.
«Цяпер такі момант, што леташняя цыбуля пачала псавацца, а маладая яшчэ не вырасла. А прывазная дарагая», – тлумачыць прадавец.
Хаця ў Беларусі кошты на садавіну і гародніну не заўжды выглядаюць лагічна.
«Вось капуста ранняя прывазная, у нас каштуе 1.79. Побач з домам маю краму, у ім старая беларуская, каштуе 3 рублі», – дзівіцца прадавец гародніны на Камароўцы.
І сапраўды, наведнікі крамаў скардзяцца то на дэфіцыт, то на вялікія кошты. Вось што нам сказалі кліенты камерцыйнай сеткавай крамы:
«Кошты выраслі вельмі моцна, разы ў 2».
«Што такое цыбуля, яна ж не можа каштаваць больш за долар».
«Апельсіны, бананы танней – але ж гэта завазныя харчы. А мы маем такую зямлю».
На скачкі коштаў на цыбулю ды іншую гародніну скардзяцца не толькі беларусы, але і жыхары Украіны, Еўразвязу ды Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі. Сярод прычынаў адмыслоўцы называюць шкоду ўраджаю ад кепскага надвор’я: несезонных дажджоў і сушы, у залежнасці ад рэгіёну. Змены надвор’я паўплывалі і на графік пасеваў.
Яраслаў Сцешык, belsat.eu
Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / Forum