Беларусь, Украіна і Польшча хочуць адрадзіць балта-чарнаморскі шлях


Ад мора да мора. Беларусь, Украіна і Польшча на дзяржаўным узроўні абмяркоўваюць, як аднавіць водны шлях, які спалучае ўкраінскі Херсон з польскім Гданьскам – праз Берасце і Пінск. Якія выгады прынясе праект, і якія падводныя камяні можна спаткаць?

З Балтыкі да Чорнага мора праз Беларусь. Перамовы ў справе будаўніцтва новага воднага шляху пройдуць да канца года. Пра гэта заявіў прэм’ер Сяргей Румас пасля сустрэчы са сваім украінскім калегам Аляксеем Ганчаруком у Лондане. На якія прыбыткі разлічваюць Менск і Кіеў?

«Летась па Дняпры перавезлі ўсяго 10 мільёнаў тонаў. Калі мы дадаем яшчэ 8 мільёнаў (нават калі ашчаджэнне складзе долар на тое), – то мы атрымаем эфект 8 мільёнаў долараў на год», – падлічвае эксперт Украінскага інстытуту будучыні Уладзіслаў Талах.

Перамовы вядуць і з Варшаваю. Шлях Е40 мае прайсці праз спалучаныя каналамі Дняпро, Буг ды Віслу. Перавозіць па іх плануюць калійныя ўгнаенні, метал, нафтапрадукты ды збожжа. Аднак трасу лічаць выгаднай не ўсе.

«Па большасці таварных групаў водны транспарт па тарыфах прайграе чыгунцы. Калі сюды дадаць фактар часу – больш доўгай дастаўкі грузаў – то гэты шлях можа аказацца недастаткова канкурэнтаздольны!» – кажа Алесь Герасіменка, намеснік старшыні бізнес-саюзу імя Куняўскага.

Ніжнія Жары – ціхая вёска на беразе Дняпра пры ўкраінска-беларускай мяжы. Праз 5 гадоў тут мае з’явіцца вялікі рачны порт. Кошт будовы – 20 мільёнаў еўраў. Менск і Кіеў плануюць, што ўздоўж воднага шляху паўстануць лагістычныя цэнтры і суднарамонтныя прадпрыемствы.

«Рэгіён вакол Прыпяці вельмі выйграе ў Беларусі. Мазырскі завод атрымае вялікі штуршок, а таксама Берасце», – мяркуе Уладзіслаў Талах.

Аднак караблі класу мора-рака могуць хадзіць толькі да Кіева. Далей – давядзецца паглыбляць дно і будаваць шлюзы. Украінскі ўчастак – самы развіты, у яго трэба ўкласці ўсяго 30 мільёнаў еўраў. Беларусі паглыбленне Дняпроўска-Бугскага каналу і Прыпяці можа каштаваць да 170 мільёнаў. А Польшчы – трэба ўвогуле будаваць новы канал коштам 9 мільярдаў еўраў.

На думку Алеся Герасіменкі, выдаткі Беларусі могуць быць яшчэ вышэйшыя за афіцыйныя падлікі:

«Паводле нашых ацэнак, каб зарганізаваць тут рух паводле 4-га класу суднаходства, неабходна не менш за мільярд долараў выдаткаваць».

Фінансавыя выдаткі, на думку Алеся Герасіменкі, – не адзіная перашкода. Будова шлюзаў на нізкіх берагах Прыпяці прывядзе да затаплення вялікіх тэрыторыяў. На дне ракі ляжыць радыеактыўны глей – нагадваюць эколагі.

«Шлях пралягае праз чарнобыльскую зону. Тэрыторыя забруджаная радыенуклідамі. І любое ўмяшанне ў гэтыя тэрыторыі прывядзе да паўторнага выкіду радыенуклідаў», – кажа актывіст грамадскай арганізацыі «Багна» Канстанцін Чыкалаў.

Будову Е40 абмяркуюць на міжнароднай канферэнцыі, у якой возьмуць удзел не толькі Беларусь, Украіна ды Польшча, але і Нідэрланды. Аднак ні даты, калі водны шлях мае запрацаваць, ні крыніцаў фінансавання праекту ўрады пакуль не называюць.

Аляксандр Папко belsat.eu