Беларус прыдумаў дом будучыні, які не патрэбны радзіме


У катэджным мястэчку «Біг-Бэн», што прыкладна ў 20 кіламетрах ад Кіева, усе будынкі спажываюць у 8–10 разоў менш энергіі за звычайныя, а самы прыгожы ды выставачны, пабудаваў беларускі архітэктар.

Энергазберагальныя дамы Аляксандр Кучаравы праектуе ўжо дзесяць гадоў. Ён перакананы, што інтарэс да экалагічнага і эканомнага наўпрост звязаны з коштамі на энергарэсурсы. А таму ў Беларусі бум такога будаўніцтва можа наступіць разам з адменаю перакрыжаванага субсідыявання, калі спажывец на ўласнай кішэні адчуе каштоўнасць цяпла і святла.

«Гігакалорыя, напрыклад, у Беларусі каштуе 9 долараў, ва Украіне – 50. Вось адказ на ўсе пытанні. І газ ва Украіне ў 5 разоў даражэйшы, чым у Беларусі. Дык навошта беларусу эканоміць?», – задаецца пытанне архітэктар Аляксандр Кучаравы.

Ва Украіне Кучаравы будуе адзін праект на два-тры гады. Адзін з такіх – разумны катэдж «Optima House», які здабывае цяпло з зямлі ды сонца – летась атрымаў прэмію як экабудынак года. Дзеля стварэння гэтага невялікага заводу для вырабу энергіі аб’ядналіся шэсць арганізацыяў. Праўда, яны не адразу ўспрынялі Кучаравага сурʼёзна.

Разумныя сістэмы

Знутры дому – два бакі, што збіраюць энергію ад цеплавых помпаў і геліясістэмаў. Энергія з іх паступае на ацяпленне і награванне вады. У гэтым катэджы безліч элементаў складаюць цэлую разумную сістэму – датчыкі CO2, вільгаці, LED-асвятленне.

І ўсё ж, паводле архітэктара Кучаравага, зрабіць новае будаўніцтва энергаэфектыўным нашмат прасцей, чым правесці рэнавацыю ўжо існых будынкаў. Гэтай тэме ён вырашыў прысвяціць чарговы свой семінар у Кіеве – своеасаблівы брэйнстормінг архітэктараў, забудоўнікаў, уласнікаў жытла.

«Ад сямісот да мільёна долараў ці еўраў трэба, каб «прывесці да ладу» хрушчоўку. Аднак ні ў кога такіх грошай няма, нягледзячы на тое, што тут дзейнічаюць гранты і гэта падтрымлівае дзяржава. І ўсё, што робіць Аб’яднанне саўладальнікаў шматкватэрнага дома – мяняюць вокны і ўцяпляюць фасад. Усё!», – кажа Аляксандр.

Фармат такіх сустрэчаў аказаўся настолькі ўдалы летась, што Аляксандр абʼездзіў з імі ўсю Украіну, у некаторых месцах энергаэфектыўныя гастролі Кучаравага ладзілі нават двойчы.

Адэля Дубавец, «Белсат»