«Беларусь ператворыцца ў БССР-2». Украіне абмежавалі продаж металургічнай прадукцыі


Украіне абмежавалі продаж металургічнай прадукцыі ў Беларусь. Менск патлумачыў, што пытанне развязвае наднацыянальная структура: Беларусь ужо разглядаецца як частка агульнага рынку Еўразійскага эканамічнага саюзу. Такія высновы можна зрабіць з дакументу, які трапіў у інтэрнэт.

Украінскія тавары з жалеза і сталі экспартаваліся ў Беларусь не адзін год. Цяпер – трапілі пад абмежаванні, але не з нашага боку, а Еўразійскага эканамічнага саюзу. У пратаколе з пазнакаю «неадкладна», міжурадавай украінска-беларускай гандлёвай камісіі: Рэспубліка Беларусь – скрэсленая. Вытрымка з дакументу:

«Беларускі бок адзначае, што прымяненне мер гандлёвай абароны ў Еўразійскім эканамічным саюзе перададзена ў наднацыянальны кампетэнцыю».

Што гэта азначае, тлумачыць публіцыст Уладзімір Мацкевіч:

«Гэта супярэчыць тым словам нашых чыноўнікаў вышэйшага эшалону, якія кажуць, што эканамічная інтэграцыя не пагражае палітычнай незалежнасці. Бо калі ствараецца агульны рынак, сціраюцца межы, і тады эканамічная тэрыторыя Беларусі робіцца неабароненаю».

Пры паглыбленні Беларусі ў інтэграцыю з Расеяй, якая праходзіць у закрытым ад грамадства рэжыме, Уладзімір Мацкевіч лічыць, што наднацыянальным структурам Беларусь можа перадаць цэлы шэраг накірункаў эканамічнай дзейнасці.

Менск ужо гэта зрабіў, падпісаўшы дамову аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюзу – кажа аналітык даследчага цэнтру «EAST» Андрэй Елісееў:

«Краіны пагадзіліся перадаць эканамічнай камісіі шэраг паўнамоцтваў нацыянальнага ўзроўню. Менавіта пра гэта вядзецца ў дакуменце. То бок Еўразійская эканамічная камісія апякуецца цяпер пытаннямі мытнага рэгулявання, нетарыфным, гандлем з іншымі замежнымі краінамі».

Гандаль з Украінаю, якая знаходзіцца ў стане неабвешчанай вайны з Расеяй, аднак пытанне далікатнае. Уладзімір Мацкевіч, публіцыст:

«Украіна для нас вельмі значны эканамічны партнёр, які знаходзіцца ў неаб’яўленым стане вайны з Расеяй, і мы такім чынам як агульны рынак, уцягваемся прынамсі ў эканамічную вайну з Украінаю».

Ва ўрэгуляванні канфлікту ва ўсходняй Украіне Менск выступае пасярэднікам. У эканоміцы – трэці паводле велічыні гандлёвы партнёр – таваразварот штогод павялічваецца на 16-20 %. Расея аднак застаецца першым і пакуль незамяняльным партнёрам. На яе прыпадае палова гандлёвага звароту Беларусі (49,7%).

Пад націскам Крамля Беларусь і Расея рыхтуюць дарожныя карты па зліянні ва ўсіх галінах – ад мытнай да гуманітарнай. Андрэй Елісееў, аналітык Даследчага цэнтру «EAST»:

«Беларусь ператворыцца папросту ў БССР-2. Беларусь захавае сваю намінальную незалежнасць і суверэнітэт чыста намінальна – гэта будзе краіна на мапе свету, але ўсе важныя рашэнні ў замежнай палітыцы і ва ўнутранай Менск мусіць узгадняць з Масквой».

Якога сцэнару прагнуць жыхары Беларусі (Магілёў):

«Я падтрымліваю толькі незалежнасць, бо лічу ўсё сваё жыццё, што Расея гэта імперыя, імперыя зла».

«Адным нам не выжыць, таму нам патрэбная інтэграцыя. Але на Захад ці на Усход… тут ужо трэба вырашаць, каб нікога не пакрыўдзіць».

«За незалежнасць Беларусі, асобна ад Расеі. Можна сябраваць, але жыць асобна».

Ад гэтай мадэлі Беларусь усё далей. У ліпені кіраўнік Беларусі сам прапанаваў Уладзіміру Пуціну падпісаць новы інтэграцыйны дакумент да 8 снежня – на 20-годдзе Саюзнай дзяржавы.

Юлія Цяльпук belsat.eu