Беларусь парушае Статут АДКБ, прадаючы ўзбраенні Азербайджану


Пра гэта заявіў сёння кіраўнік Арменіі Нікол Пашыньян у адказ на падрыхтоўку новага збройнага кантракту, анансаванага ўчора Ільхамам Аліевым у гасцях у Аляксандра Лукашэнкі. Не атрымліваецца ў беларускіх уладаў і дэманстраваць нейтральнасць і перад Украінай. У вачах суседаў мы ўсё менш міратворчыя.

Пад апладысменты прысутных чыноўнікаў і з заявамі аб ваенна-палітычных поспехах Ільхам Аліеў і Аляксандр Лукашэнка падпісалі мемарандум аб узаемапаразуменні між Ваенна-прамысловым камітэтам Беларусі і Міністэрствам абароны Азербайджану. Да ранейшых паставак ракетных комплексаў «Паланэз» ды іншай вайсковай тэхнікі бліжэйшым часам дададуцца пастаўкі новага ўзбраення і тэхнікі супрацьпаветранай абароны.

«Мы ніколі не супрацоўнічалі супраць другіх-трэціх-пятых краінаў», – заявіў Лукашэнка.

І вось трэцяя краіна, якая ў стане вайны з Азербайджанам, адрэагавала. Як заявіў Нікол Пашыньян, Арменія асуджае падпісанне ў Менску гэтых збройных кантрактаў, бо яны скіраваныя супраць армянскіх нацыянальных інтарэсаў і парушаюць статут АДКБ – Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Таксама в.а. прэм’ера Арменіі пацвердзіў, што будзе асабіста патрабаваць у Аляксандра Лукашэнкі тлумачэнняў, чаму той перадаў азербайджанскаму амбасадару змест перамоваў кіраўнікоў АДКБ, што адбываліся за зачыненымі дзвярыма.

Сітуацыю каментуе Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік радыё «Свабода»:

«У гэтым супрацьстаянні Аляксандр Лукашэнка даўно і выразна паставіў на Азербайджан, Беларусь пастаўляе Азербайджану ўзбраенне».

З ім згодны Андрэй Паротнікаў, кіраўнік аналітычнага праекту «Belarus Security Blog»:

«Азербайджан – гэта больш вялікі рынак, больш цікавы як гандлёва-эканамічны партнёр, ён больш багаты».

Яшчэ адзін саюзнік з АДКБ – Расея – прадае Арменіі сваю зброю ў крэдыт і ўзмацняе там свае вайсковыя базы. Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік радыё «Свабода»:

«Беларусь не тое што не выклікае раздражнення ў Масквы, што прадае зброю Азербайджану, а нават, цалкам верагодна, што ўсё гэта ўзгоднена і робіцца ў звязцы».

У выніку вайна між Азербайджанам ды Арменіяй не спыняецца дзесяцігоддзямі, бо выгадная і аўтарытарнаму Аліеву, і Маскве, і Менску. Арменія і пасля дэмакратычнай рэвалюцыі застаецца значна абмежаванай у дзеяннях. Андрэй Паротнікаў, кіраўнік аналітычнага праекту «Belarus Security Blog»:

«З 1993 года існуе Менская перамоўная група па Нагорна-Карабахскаму канфлікту. З таго часу канфлікт да вырашэння не наблізіўся ні на крок. Таму сапраўды, Беларусь – перамоўная пляцоўка, можа быць зручная, але неяк не вельмі паспяховыя гэтыя працэсы».

З Менскімі дамоўленасцямі пра замірэнне на ўсходзе Украіны атрымалася трохі лепш, актыўны наступ з боку баевікоў ДНР і ЛНР ды кадравых расейскіх вайскоўцаў прыпыніўся. Але поўнай нейтральнасці ў Менску не выйшла: афіцыйны Кіеў не прымае ідэі Аляксандра Лукашэнкі накіраваць у Данецкую і Луганскую вобласці беларускіх вайскоўцаў у якасці міратворцаў. Бо нашая дзяржава – ваенны саюзнік Расеі.

Таксама сёння ў Кіеве «Белсату» паведамілі пра магчымае пашырэнне чорнага спісу беларускіх прадпрыемстваў, якія парушаюць украінскае заканадаўства, наўпрост пастаўляючы тавары не толькі ў ДНР і ЛНР, але і ў акупаваны Крым.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / FORUM