Беларусь па эканамічным росце – у хвасце Еўропы і Сярэдняй Азіі


Рост айчыннай эканомікі ў найбліжэйшыя гады будзе найменшым сярод краінаў Еўропы і Цэнтральнай Азіі – чарговы несуцяшальны прагноз ад Сусветнага Банку.

Да 1 адсотку сёлета і да 0,5 адсотка налета запаволіцца рост ВУП Беларусі. У іншых жа эканоміках, якія пераходзяць на рынкавыя рэйкі – рост паскорыцца. Што робім не так і ці пачнем рабіць інакш? Распачаць лекаванне эканомікі трэба, пакуль няма хранічных сімптомаў. Дыягназ яшчэ напрыканцы года ставіў эканаміст Сусветнага Банку Кірыл Гайдук:

«Ёсць запавольванне росту эканомікі і яно такое структурнае… – Эканаміст раіць пачынаць тэрапію з прамысловасці і сельскай гаспадаркі. – Здароўе гэтых сектараў мае найважнейшае значэнне для эканомікі Беларусі».

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Сёння Сусветны Банк пацвердзіў восеньскія прагнозы што да развіцця беларускай эканомікі ў наступныя 3 гады. Аналітыкі банку сёлета прадбачаць рост ВУП на 0,9 %, а ў 2021 і 2022 гадах адно на 0,5 %. Хоць яшчэ ў сярэдзіне лета яны закладалі лічбы, больш аптымістычныя за ўрадавыя.

Старэйшы аналітык кампаніі «ALPARI» Вадзім Іосуб тлумачыць:

«Летні прагноз Сусветнага Банку сыходзіў з таго, што 50 % стратаў Беларусі праз падатковы манеўр будуць кампенсаваныя. Новы прагноз сыходзіць з таго, што гэтае кампенсацыі не будзе».

Паводле канцэрну «Белнафтахім», праз давядзенне Расеяй коштаў на нафту да сусветных, да 2024 года нашая эканоміка недаатрымае каля 6 мільярдаў долараў. Пералічаныя чыннікі ва ўласных прагнозах улічыў таксама Міжнародны Валютны Фонд і буйныя рэйтынгавыя кампаніі. Чаканні падобныя.

Урад Беларусі ўпарта трымаецца ўдвая вышэйшых прагнозных паказнікаў. Эканаміст Сяргей Чалы лічыць:

«Прагнозы росту ВУП у нас даўно і вельмі моцна не дакладныя. Гэта мае шмат прычынаў. Але галоўная з іх, што ўраду воляю-няволяю даводзіцца ўлічваць палітычныя жаданні. Проста непрыстойна маляваць тыя тэмпы эканамічнага росту, якія ёсць насамрэч».

Сусветны Банк аналізаваў эканомікі краінаў Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Палова з іх – небагатыя краіны, якія ідуць шляхам рэформаў. А другая частка – нерэфармаваныя эканомікі, але багатыя на прыродныя рэсурсы. Беларусь – белая варона ў гэтым шэрагу, робім выснову з Вадзімам Іосубам:

«У Беларусі ж і сваіх прыродных рэсурсаў няма. І гэта краіна, якая не праводзіць рэформаў і вельмі ўпарта настойвае на тым, што не будзе праводзіць іх у будучыні. Да таго ж эканоміка вельмі нізка дыверсікаваная».

Мы ўсцяж моцна залежым ад коштаў на нафту, калійныя ўгнаенні, пастаўкі энерганосьбітаў з Расеі і экспарту тавараў на тамтэйшы рынак. Гэта не дазваляе даганяць іншых, еўрапейскіх суседзяў, адзначае Сяргей Чалы:

«Мы замест таго, каб даганяць іх, працягваем адставаць, і ў першую чаргу гэта адбіваецца на тым, што ўзровень дабрабыту гэтых краінаў і адпаведна ўзровень дабрабыту насельніцтва – разрыў пачынае расці, мы ўжо цяпер гэта бачым».

Перадусім гэта бачна ў адтоку працоўнай сілы за мяжу. Калі раней на заробкі з’язджалі перадусім рабочыя, то цяпер у працоўную эміграцыю з’язджаюць кваліфікаваныя спецыялісты. Тыя, хто на Радзіме мог бы ўздымаць эканоміку.

Юлія Цяльпук belsat.eu