Беларусь наведала міністарка замежных справаў Аўстрыі Карын Кнайсль


І да танцу, і да перамоваў. Карын Кнайсль, заўважаная ў скандале з запрашэннем Пуціна на сваё вяселле, наведвае Беларусь. Стрыманая ў выказваннях, аднак задаволеная пачаткам сяброўства. Што звязвае Менск і Вену ды на якую супрацу ўрад Беларусі разлічвае ў будучым?

Прыняў высокую госцю міністр Уладзімір Макей. Карын Кнайсль, міністарка замежных справаў Аўстрыі:

«Не магу сказаць, што цяпер нашыя стасункі развіваюцца выдатна, але я мяркую, гэта пачатак сяброўскіх дачыненняў, якія варта захаваць».

Намаганні зняць санкцыі з Расеі, падтрыманне «Паўночнай плыні – 2». Гэтак выглядае замежная палітыка Аўстрыі на ўсходнім кірунку. Алесь Лагвінец, палітолаг:

«Аўстрыя тым і выдзяляецца сярод краінаў Еўрапейскага Звязу, што яна ёсць прыхільніцай размоваў з такімі аўтарытарнымі дыктатарскімі краінамі».

Адначасова менавіта Аўстрыя займае значнае месца ў інвестыцыях у Беларусі. Адзін з прыкладаў – дрэваапрацоўчая кампанія «Кронаспан», якая інвеставала ў нашую краіну дзясяткі мільёнаў долараў. Як казаў кіраўнік «Кронаспану» Пэтэр Кайндль два гады таму, ён цэніць беларускую стабільнасць. Леанід Заіка, эканаміст:

«Будучы краінай цэнтральнай Еўропы, Аўстрыя выкарыстоўвае рынак Еўразвязу, там цэны ніжэйшыя, а ўмовы лепшыя. Таму, гэта міф, што ў нас ёсць нейкія ключавыя зоны ўзаемадзеяння з Аўстрыяй».

Таксама ёсць аўстрыйскі капітал у «Прыёрбанку», і ў кампаніі «Вэлком». Што цікава, у самой Аўстрыі пра візіт міністаркі не асабліва і паведамляюць. У прыватным «Тўітэры» спадарыні Кнайсль няма ані слова пра Беларусь.

«Магчыма, гэта адмыслова так мала афішуецца. Яны не хочуць, каб былі нейкія такія адмоўныя рэакцыі СМІ ў Аўстрыі. Бо ў Аўстрыі ў медыяпрасторы Беларусь нагадвае краіну дыктатуры ды таго, што датычыць правоў чалавека і смяротнага пакарання», – каментуе журналістка-фрылансэрка з Аўстрыі Зымонэ Брунэр.

Між тым наведаць Аўстрыю збіраецца і кіраўнік Беларусі. Алесь Лагвінец, палітолаг:

«Лукашэнка ўжо некалькі разоў быў у Аўстрыі, ён туды ездзіў на ўдзел у канферэнцыях. Ён там катаўся на лыжах».

Адпачынак Лукашэнкі з ягоным атачэннем стаўся для аўстрыйскіх чыноўнікаў галаўным болем. У 2012-ым крымінальны суд Вены асудзіў лабіста Лукашэнкі, ранейшага генеральнага сакратара Аўстрыйскага алімпійскага камітэту Гайнца Юнгвірта на 5 гадоў зняволення. Сярод мноства фінансавых злачынстваў улічыў суд і патаемны рахунак, з якога Аўстрыйскі алімпійскі камітэт аплочваў шыкоўны гарналыжны адпачынак кіраўніка Беларусі ў 2002-ім.

«Я думаю, апроч спорту, мы б знайшлі тут агульныя справы на карысць Беларусі ды Аўстрыі», – казаў Лукашэнка 29.07.2018 падчас візіту федэральнага прэзідэнта. Тады важныя госці адкрывалі мемарыял у Трасцянцы, дзеля якога знеслі крыжы, папярэдне пастаўленыя грамадскасцю. Яўген Батура з Руху Салідарнасці «Разам»:

«У тым ліку крыж айца Вінцэнта Гадлеўскага, які быў расстраляны ў 1942 годзе нацыстамі, які стаяў вось за маёй спінаю».

Сітуацыяй абураўся таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Тады ж апазіцыйныя партыі запрашалі аўстрыйцаў ушанаваць памяць палеглых у Курапатах, аднак тыя адмовіліся.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu