Беларусь набудзе «каралеўскую» нафту?


Нафта з Саудаўскай Аравіі робіцца прывабнаю для Беларусі. Каралеўства істотна знізіла свае кошты пасля адмовы Расеі скарачаць у крызісны момант здабычу сыравіны разам з іншымі краінамі – экспарцёрамі нафты. Між тым расейскі міністр энергетыкі Аляксандр Новак заявіў, што нафты, больш выгаднай, чым з Расеі, Беларусі не знайсці. У каго будзем набываць – сёлета і надалей? І якія змены адбываюцца на сусветным рынку сыравіны?

Саудаўская Аравія рэзка знізіла кошты на нафту і пастанавіла прадаваць Еўропе больш сыравіны. Вінаваты – усе той жа каронавірус, які шкодзіць таксама здароўю нафтавага рынку. Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Істотна патаннела нафта паўсюль. Гэта сталася прычынаю вайны паміж вытворцамі нафты і ў межах гэтай вайны Саудаўская Аравія дае вельмі вялікія зніжкі ў параўнанні з расейскаю нафтаю Юралс».

Цудоўная навіна для Беларусі, якая разгарнула пошукі альтэрнатыўных расейскім паставак чорнага золата. Саўдаўская Аравія пастаўляе больш якасную чымся расейская сыравіну. Еўропа забірае нафту ў асноўным у порце Нотэрдам – кожны сваім шляхам. Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык кампаніі «Альпары»:

«Цяпер можа апынуцца што цана на нафту з Бліжняга Усходу будзе меншая, чымся на расейскую нафту. Але лагістыка можа зрабіць гэтую нафту даражэйшаю. З улікам лагістыкі расейская нафта пакуль усё ж найбольш танны варыянт».

Сяргей Румас, прэм’ер-міністр Беларусі:

«Цэны на нафту ўпалі, у сувязі з чым беларускі бок прадставіў расейскаму новыя прапановы для нафтавых кампаніяў, якія расейскі бок прыняў, паабяцаўшы правесці кансультацыі з нафтавымі кампаніямі і даць адказ».

Бо з «Нотэрдаму» каралеўскую нафту трэба транспартаваць у Балтыйскія парты, а адтуль (што найдаражэй) чыгункаю ў Наваполацк. Праз літоўскую Клайпеду набываем ужо. У нядзелю порт прыме трэці сёлета танкер для Беларусі, а да канца месяца – яшчэ два танкеры. Такім чынам у гэтым месяцы атрымаем 4 танкеры па 320 тысяч тонаў (неафіцыйна, расейскай) сыравіны. Ці варта прыгледзецца да саудаўскай – разважае Станіслаў Івашкевіч:

«Саўдаўская Аравія не прапаноўвае гэтую зніжку толькі Беларусі. Яна прапаноўвае яе ўсёй Еўропе. Беларусь ад гэтага аніяк не выйграе, бо нашыя немадэрнізаваныя НПЗ усёадно будуць неканкурэнтаздольныя ў параўнанні з Еўразвязаўскімі».

Але ў межах энергетычнай бяспекі – набываць з розных крыніцаў – варта. У студзені Аляксандр Лукашэнка прапанаваў:

«Варта 30-40 % нафты будзем набываць з Расеі, 30 % мусім з Балтыкі завозіць і яшчэ 30 % праз Украіну спраўджаным шляхам».

Галоўнае – давесці да канца перамовы з асноўным прадаўцом. Напярэдадні перамовы ўзнавілі прэмʼеры краінаў. Сяргей Румас заявіў:

«Цэны на нафту ўпалі, у сувязі з чым беларускі бок прадставіў расейскаму новыя прапановы для нафтавых кампаніяў, якія расейскі бок прыняў, паабяцаўшы правесці кансультацыі з нафтавымі кампаніямі і даць адказ на працягу некалькіх дзён».

Кіраўнік ураду таксама пацвердзіў: незалежна ад выніку нафтавай спрэчкі, Беларусь штомесяц будзе набываць 2 танкеры альтэрнатыўнай сыравіны. Вадзім Іосуб раіць:

«Калі запусціць участак закінутага па-сутнасці нафтаправода «Дружба», які ідзе з Беларусі ў краіны Балтыкі, то дастаўка альтэрнатыўнай нафты праз Балтыйскія парты зробіцца значна таннейшаю».

Беларускі лідар заявіў сёння, што ў такой справе падтрыманне Беларусі абяцаў дзяржсакратар ЗША Майкл Пампэа… Шукаць развязання Менск мае хутка, бо рэзерваў нафты, ды й газу, не мае. Расея ў сённяшняй сусветнай сітуацыі пачуваецца інакш, цвердзіць міністр фінансаў Расеі Антон Сілуанаў:

«Мы падрыхтаваныя лепш чымся іншыя краіны, якія маюць вялікія прыбыткі ад здабывання нафты і якім сёння даводзіцца скарачаць бюджэт».

Тым ня менш, курс расейскага рубля пайшоў уніз. Аналітык ING Банку Дзмітрый Даўгін, лічыць:

«Гэта можа прывесці да нязначнага паскарэння інфляцыі, што будзе адчувальна на фінансавых рынках, і для грамадзянаў».

Таксама і грамадзянаў Беларусі, бо курс рубля беларускага залежны ад расейскага.

Юлія Цяльпук, «Белсат»