Беларусь апусцілася ў сусветным рэйтынгу ўжывання алкаголю


З лідараў – на 27 месца. Скарачаецца таксама колькасць залежных ад алкаголю людзей.

8 гадоў без алкаголю. Віктар свядома адмовіўся ад піва, гарэлкі ды любых моцных напояў. Такое рашэнне хлопец прыняў з цэлага шэрагу прычынаў.

«Палічыў, колькі грошай марнуецца на гэтую справу. І ўвесь час я думаю, як быць больш эфектыўным, як можна ўкладаць свае сілы, сваё здароўе ў нешта іншае», – расказвае Віктар Заварошкін.

Але пасля азнаямлення са статыстыкай робіцца зразумела, што такіх, як Віктар, у Беларусі няшмат. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі здароўя, траціна беларускіх мужчынаў ужывае небяспечную для здароўя дозу: больш за 6 адзінак алкаголю за раз.

Адна адзінка алкаголю паводле стандартаў Сусветнай арганізацыі здароўя – гэта 10 грамаў чыстага спірту. Або 30 – гарэлкі. Такім чынам, выпіваць больш за шэсць такіх кілішкаў алкаголю моцнасцю больш за 40 градусаў – небяспечна для здароўя.

Згодна з апошняю справаздачаю Сусветнай арганізацыі здароўя, у сярэднім беларускі мужчына выпівае 90 бутэлек гарэлкі штогод. Беларусь пры гэтым займае 27 месца паводле ўжывання алкаголю. А яшчэ некалькі гадоў таму нашая краіна была ў лідарах гэтага рэйтынгу.

«У Беларусі штогод на 2–3 % змяншаецца колькасць залежных ад алкаголю і тых, хто стаіць на прафілактычным уліку. Цяпер на дыспансерным уліку стаяць прыблізна 158 тысяч чалавек. Гэта людзі, у якіх дыягназ «сіндром залежнасці ад алкаголю», – патлумачыў Аляксей Кралько, Рэспубліканскі цэнтр наркалагічнага маніторынгу і прэвенталогіі.

Мы запыталіся ў мінакоў, наколькі шмат і наколькі часта яны выпіваюць. Жыхары Менску распавялі:

«Рэдка, але метка п’ю».

«Толькі на свой Дзень народзінаў і на Новы год».

«Заўжды за стырном, так павялося. Сёння ў брата вяселле, таксама піць не буду».

«Кожны сваю норму ведае. Калі хтосьці хоча шмат выпіць, ён выпʼе шмат. Я вот сёння выпіў, нармальна сябе адчуваю, добра, выдатна».

«Пʼюць некаторыя людзі вельмі шмат. Але тэндэнцыя такая, што то пагаршаецца, то не. Апошні час наадварот, нават меней».

З гэтым не пагаджаецца псіхолаг Таццяна Палхоўская. Яна лічыць, што праблема алкагалізму ў краіне вялікая, і для яе развязання мусяць рабіцца комплексныя захады.

«Я б наймала ў тыя ж ЛПП добрых спецыялістаў, псіхолагаў, у якіх была б добрая падрыхтоўка, праграма, таму што гэтыя кропкавыя метады – мы цябе паклалі ў лякарню – гэта не вырашыць праблемы», – кажа псіхолаг Таццяна Палхоўская.

З алкагалізацыяй змагаюцца, павышаючы акцызы, абмяжоўваючы продаж алкаголю ўзростава, змяншаючы абʼём тары для алкаголю. Таксама эфектыўным захадам эксперты Сусветнай арганізацыі здароўя лічаць забарону на продаж алкаголю ўначы. Аднак з мінулага года ў Беларусі гэтая забарона не дзее.

Наста Кахановіч, belsat.eu