Беларусь апусцілася ў рэйтынгу намаганняў дзяржаваў па ахове навокольнага асяроддзя

На календары амаль сярэдзіна снежня, а снегу не так і шмат. Як не ўзгадаць пра змену клімату і глабальнае пацяпленне? Можна прынамсі рабіць дзеля гэтага высілкі, а высілкаў гэтых нашая дзяржава прыкладае менш, чым год таму. Гэта вынікае з адмысловага рэйтынгу міжнародных экалагічных арганізацыяў.

Рэйтынг складаецца наступным чынам. Нямецкія арганізацыі NewClimate Institute, Germanwatch і Climate Action Network апытваюць экспертаў, якія выстаўляюць адзнакі краінам у шэрагу крытэрыяў: узровень выкіду парніковых газаў, развіццё ўзнаўляльнай энергетыкі, спажыванне электраэнергіі ды агульная палітыка ў сферы аховы клімату. Сёлета Беларусь атрымала 53 цэлыя 3 дзясятыя балу, летась – 56 цэлых 3 дзясятыя са ста магчымых.

«Менш стала ўзнаўляльных крыніцаў энергіі, больш складана стала іх развіваць. Так ці інакш працягваем выкарыстоўваць торф, напрыклад. Торф – сур’ёзны эмітэнт. Шмат выкідаў, лепей бы менш яго выкарыстоўваць. Не так хутка рэалізуюцца некаторыя праграмы па энергаэфектыўнасці, як нам, магчыма, хацелася б», – распавядае Дзмітрый Буронкін, Цэнтр экалагічных рашэнняў.

Таксама айчынныя эксперты кажуць пра адмоўны ўплыў прамысловасці на экалагічны стан краіны. Гэтак, асушэнне балотаў, выкарыстанне хімічных рэчываў у сельскай гаспадарцы, дзейнасць заводу беленай цэлюлозы каля Светлагорску і будоўля акумулятарнага ў Берасці відавочна негатыўна ўплываюць на клімат.

«Калі казаць пра сельскую гаспадарку, усе мы ведаем, што выкідваецца гной у ямы. І з гэтых ямаў ідзе выкід СО2. І гэта дастаткова сурʼёзна ўплывае на экалогію. Калі б мы выкарыстоўвалі біятэхналогіі, перапрацоўвалі гэты газ у энергетыку, адпаведна, мы б гэтую праблему вырашалі», – кажа Дзмітрый Кучук, першы намеснік кіраўніка партыі «Зялёныя».

У той жа момант, паводле рэйтынгу, самымі кліматычна нейтральнымі краінамі прызналі Швецыю, Марока і Літву, а замыкаюць рэйтынг Саудаўская Аравія, ЗША ды Іран. Беларусь жа – на адным узроўні з Бельгіяй, Нямеччынаю, Нідэрландамі і Грэцыяй.

«Паступова тэма становіцца ўсё больш актуальная для людзей. Людзі змяняюць асвятленне і гэтак далей, уцяпляюць свае дамы. Шмат робіцца і на дзяржаўным узроўні – рэалізуецца праграма па энергаэфектыўнасці. Уцяпляюцца будынкі грамадскія, школы, дзіцячыя садкі. Разам з тым кацельныя пераводзяцца з выкапнёвага паліва, як газ, на экалагічна сяброўскае паліва, як шчапа», – тлумачыць Дзмітрый Буронкін, Цэнтр экалагічных рашэнняў.

А што думаюць пра кліматычныя змены тыя, хто наўпростава іх адчувае – звычайныя беларусы?

«Клімат змяняецца, бо шмат заводаў, з-за выкідаў у паветра. Парніковы эфект…»

«Экалогія дрэнная, шмат выкідаў».

«Усё рухаецца, усё змяняецца. Гэта нармальны працэс».

«Магчыма, клімат змяняецца, бо глабальнае пацяпленне. Дый машынаў шмат».

Гэтак мяркуюць і эксперты: адзін з ключоў да развязвання праблемаў змянення клімату – больш шырокае выкарыстанне электрычнага транспарту. Аднак пакуль яго ўкараненне – не самае простае заданне нават для высокатэхналагічных краінаў. І далёка не ўсе жадаюць выдаткоўваць немалыя сродкі пад адмысловыя экалагічныя тэхналогіі ды на барацьбу са зменаю клімату.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама