«Барыс Нямцоў быў надзеяй будучай расейскай дэмакратыі»: маршы памяці палітыка адбыліся ў Расеі і па-за яе межамі


Безліч кветак, сцягоў і партрэтаў… У Маскве на марш памяці Барыса Нямцова, прымеркаваны да пятай гадавіны гібелі апазіцыйнага палітыка, прыйшло больш за дваццаць дзве тысячы асобаў. Гэта звесткі назіральнікаў. Маскоўская паліцыя налічыла ўдвая менш.

«Нягледзячы на тое, што яго ўжо з намі няма пяць гадоў, ён аб‘ядноўвае і палітыкаў, і грамадзянскіх актывістаў. Гэта і ёсць грамадзянская супольнасць, якую вы сёння бачылі. А, па-другое, улада нам дае столькі нагодаў – гэта проста вар‘яцтва. Справа «Сеткі», справа «Новай велічы», маладзёнаў, якіх трымаюць ні за што», – кажа палітык Дзмітрый Гудкоў.

Арганізатары назвалі акцыю палітычным маршам – за змяняльнасць улады ў Расеі ды супраць зменаў у Канстытуцыю. З патрабаваннем знайсці замоўнікаў забойства і вызваліць палітзняволеных удзельнікі маршу прайшлі ад Страснога бульвара да праспекта Акадэміка Сахарава, а затым – да скрыжавання з Садовым кальцом. Нягледзячы на лозунгі, паліцыя не ўмешвалася.

«Лепш, чым проста выходзіць і казаць, што мы памятаем, што яго забілі, – мы ўсе памятаем, што яго забілі і так, – лепш выходзіць і казаць, што мы супраць таго, што цяпер адбываецца. Бо ён бы гэтаксама так рабіў», – перакананая актывістка Таццяна Калабакіна.

«Лепш працягваць ягоную справу, бо змрок згушчаецца, лепш не становіцца», – канстатуе актывіст Аляксандр Сафееў.

«Мае сябры ў Екацярынбурзе прайшлі, і для мяне было вельмі важна ад іхнага імя прайсці тут і абавязкова пакласці на Нямцоў мост кветкі Барысу Яфімавічу, бо ён па-ранейшаму застаецца нашым лідарам», – распавядае каардынатарка «Уральскага мемарыялу» Ганна Пастухова.

Акцыі памяці Барыса Нямцова адбыліся ў чатырох дзясятках расейскіх гарадоў, а таксама па-за межамі Расеі. У Вільні марш Нямцова прайшоў ад плошчы ВІнцаса КудзІркі да Нацыянальнай бібліятэкі.

Памяць забітага палітыка ўшанавалі каля 30 асобаў, сярод якіх – чальцы Сейму Літвы і прадстаўнікі розных палітычных арганізацыяў.

«Барыс Нямцоў быў надзеяй будучай расейскай дэмакратыі, іншай краіны, з якою мы б хацелі падтрымліваць самыя добрасуседскія адносіны. Барыса не стала, і, напэўна, думкі аб дэмакратыі, надзеі стала менш», – зазначае еўрапарламентар Пятрас Аўштравічус.

Барыса Нямцова застрэлілі пяць гадоў таму 27 лютага на Вялікім Маскварэцкім мосце непадалёк сценаў Крамля. Суд над забойцамі прыгаварыў пяцёх выхадцаў з Чачэніі да турэмнага зняволення ад 11 да 20 гадоў. Замоўнікі забойства колішняга віцэ-прэм’ера дасюль не названыя.

Паводле афіцыйнай версіі, Барыса Нямцова забілі з прычыны рэлігійнай нянавісці. Аднак родныя і апазіцыя не вераць.

Анастасія Русецкая, «Белсат»