«Бабуля ўбачыла канструктар за 120 рублёў і ледзь не ўпала». Колькі беларусы выдаюць на падарункі?


Іх можна схаваць пад ялінкай, незаўважна ўпіхнуць у боты або пакласці пад падушку. Які Новы год без падарункаў? Мы любім іх атрымліваць і любім іх дарыць. Нават калі магчымасці вельмі сціплыя.

Самы стратны пункт падчас рыхтавання да Новага года – гэта арганізаваць усім падарункі. Сёлета на падарункі ўсім чальцам сям’і я выдаткавала амаль палову сярэдняга ў краіне заробку. Найдаражэй каштуюць падарункі дзецям.

Гэта пацвярджае і статыстыка. Паводле леташняга даследавання кампаніі Пікаді.ком, беларусы гатовыя аддаць на падрыхтоўку да Новага года крыху больш за 600 рублёў. І навагодні стол – не самая дарагая частка.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

На падарункі дзецям у шматдзетнай сямʼі Навіцкіх трацяць не менш за 300 рублёў. І да выбару ставяцца адказна. Людміла Навіцкая, маці траіх дзяцей, расказвае:

«На падарункі мы патрацілі трошкі менш, чым у той год, бо хацелася, каб дзіцёнак парадаваўся кожнаму падарунку. І тут куплялі ўсялякія лялькі, якімі яны цікавяцца ў гэтым узросце. Гульні абавязкова, каб было весела. Старэйшая дачка ў мяне любіць чытаць, таму тут я ўжо выбірала на свой густ, каб і матэматыка была, і мастацкая літаратура, два ў адным. А што да кошту, гэта былі самыя дарагія падарункі, канечне».

Паводле статыстыкі, у спіс папулярных у беларусаў падарункаў уваходзяць прысмакі, касметыка, цацкі. 79 адсоткаў беларусаў дораць падарункі сваякам.

«Дарослым мы больш-менш дорым не падарункі, а зазвычай эмоцыі. Вось гэтым годам я збіраюся паўтарыць традыцыю і сваім свёкрам падараваць такі фотакаляндар з дзіцячымі фота. Летась гэта іх вельмі ўзрушыла», – дзеліцца Людміла Навіцкая.

Згодна са звесткамі Белстату, даходы беларусаў у параўнанні з мінулым годам выраслі. Ці значыць гэта, што выдаткі на навагоднія падарункі сталі большымі? Прадаўцы на рынку падзяліліся досведам:

«Ну, наагул, вядома, пакупніцкая здольнасць трошкі знізілася ў наш час. Выбіраюць што танней. Бабулі – рублёў на 5. Для дзяўчатак – лялькі lol, гэта асноўны варыянт, для хлопчыкаў – машынкі, робаты, кузуркі, чым танней».

«Відаць, што шукаюць на 30–40 рублёў. Гэта мяжа. Вельмі рэдка купляюць цацкі дарагія, 100–150 рублёў адразу бʼюць па кашальку».

«Тут бабуля нядаўна стаяла, убачыла канструктар за 120 рублёў і ледзь не ўпала».

Сумы, якія выдаткоўваюць на падарункі ў рэгіёнах, ад менскіх адрозніваюцца. Але беларусы ўсё роўна гатовыя радаваць сваіх блізкіх. Бо гэта таго варта!

Алена Дубовік belsat.eu