Бабруйскія актывісты сабіраюць перадачы для рэпрэсаваных актывістаў


У Беларусі не спыняюцца суды за ўдзел у сустрэчах з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, а таксама за акцыі салідарнасці з экаактывістамі з Берасця. Між тым паралельна з рэпрэсіямі па краіне разгарнулася і кампанія салідарнасці з асуджанымі.

Каб падтрымаць паплечнікаў, арыштаваных за ўдзел у сустрэчах з блогерам Ціханоўскім, бабруйскія актывісты сёння вымушаныя былі выправіцца ў Магілёў, куды раптоўна перавезлі сядзельцаў. Ідэя сабраць перадачы, распавядаюць арганізатары акцыі салідарнасці, нарадзілася стыхійна.

«Калі я быў на судзе, я ўбачыў, што ўвогуле мала людзей прыходзіць падтрымліваць. Калі чытаў чат 9 траўня, там людзей было вельмі шмат, а падтрымання ўвогуле ў судзе аніякага. Ну і неяк так выйшла, што адзін чалавек сказаў «давайце дапаможам», другі – вось гэтак і ўзнікла гэтая ідэя», – распавядае арганізатар збору падтрымання Эдуард Грынявецкі.

«Тое, што мы сабралі, – гэта падтрымка ад бабруйцаў. Збіралі гэтыя харчы, хтосьці грашыма прыносіў», – дадае актывістка прафзвязу РЭП Галіна Смірнова.

Сённяшнія суды ў Воршы, Вялейцы, Менску ды Берасці за ўдзел у сустрэчах з блогерам Ціханоўскім скончыліся для затрыманых буйнымі штрафамі. Аднак і сядзельцаў таксама паболела. У Магілёве 7 содняў арышту атрымаў мясцовы актывіст Васіль Курушын – нібыта за ўдзел у акцыі, якая… нават не адбылася.

«Патлумачылі так: на Віцебскім праспекце, дзе мела адбыцца сустрэча блогера Сяргея Ціханоўскага з падпісантамі, якая не адбылася, – і нібыта я ўдзельнік нейкага несанкцыянаванага мітынгу, – распавядае асуджаны. І разводзіць рукамі: – Калі не было чалавека, які збіраў людзей, падпісантаў, то не было і мерапрыемства!»

Сёння ж адбываць апошнія 7 з 10-ці содняў арышту адправілі нашага глыбоцкага калегу, журналіста Змітра Лупача, асуджанага таксама нібыта за ўдзел у акцыі Ціханоўскага. 11 траўня з суда журналіста забралі ў рэанімацыю, у яго здарыўся гіпертанічны крыз, і за краты паводле дамоўленасці ён меў пайсці толькі ў панядзелак. Акрамя арышту, Змітра пакаралі штрафам на 1215 рублёў.

«Можа, камусьці хочацца, каб мяне вынеслі наперад нагамі з гэтага ізалятару. Але ўсё ж я спадзяюся, што мы яшчэ ўбачымся, я выйду на сваіх нагах з узнятай з гонарам галавою – і ўсё будзе добра!» – не губляе моцы духу наш калега.

Сёння ж на Змітра Лупача міліцыянты склалі новы пратакол – за сюжэт пра сітуацыю з каронавірусам у Шаркаўшчыне, паказаны ў эфіры «Белсату». Чарговы суд над нашым калегам прызначаны на 26-га траўня.

Валера Руселік belsat.eu