Бабіча паставілі на інтэграцыйную пасаду

Былы расейскі амбасадар у нашае краіне Міхаіл Бабіч атрымаў новую пасаду. Ён стаў намеснікам міністра эканамічнага развіцця Расеі. Ажно дванаццатым. Што цяпер у абавязках Бабіча, і ці далёка ён адышоў ад Беларусі?

Новая пасада – і зноў так ці іначай датычыць Беларусі. У міністра эканамічнага развіцця Расеі з’явіўся новы намеснік. На гэтую пасаду Дзмітрый Мядзведзеў прызначыў Міхаіла Бабіча, былога амбасадара ў Беларусі, вядомага не самымі сяброўскімі стасункамі з Аляксандрам Лукашэнкам.

Палітолаг Андрэй Суздальцаў (Масква) адзначае, што менавіта гэтае міністэрства займаецца фарматам інтэграцыі Беларусі і Расеі:

«Гэта такі штаб, дзе займаюцца выпрацоўкай рашэнняў, датычных інтэграцыі еўразійскай і расейска-беларускай. Міністр Максім Арэшкін узначальвае разам з калегам з Менску, спадаром Крутых, міждзяржаўную камісію па інтэграцыі расейска-беларускай».

Пацвярджае інфармацыю, што Бабіч будзе займацца інтэграцыйнаю тэматыкай і афіцыйны прадстаўнік Крамля. Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзідэнта Расеі:

«Мы ведаем, што ў Бабіча дастаткова высокі ўзровень экспертызы ў гэтай галіне, які ён, безумоўна, зможа выкарыстаць для паскарэння разнастайных інтэграцыйных працэсаў».

На думку палітолагаў, менавіта Бабіч будзе рэалізоўваць тое, што напрацуе Найвышэйшы дзяржаўны савет гэтак званай Саюзнай дзяржавы.

«Прызначэнне яго намеснікам міністра ў такое міністэрства сведчыць пра тое, што пытанні, прыярытэтныя для Расеі, у якіх вельмі някепска разбіраецца Бабіч, яны будуць вырашаць і даціскаць», – тлумачыць палітолаг Вольга Харламава.

Гэта пытанне і кампенсацыі за няякасную нафту, і працягу праграмы вайскова-тэхнічнай супрацы. Вольга Харламава, палітолаг:

«І трэцяе, што цікавіць і што найхутчэй будуць даціскаць – атрыманне кантрольнага пакету хаця б аднаго з нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў – або Нафтану, або мазырскага».

Урады дзвюх краінаў маюць падрыхтаваць дарожную мапу развіцця інтэграцыі да 21 чэрвеня, калі мае адбыцца сустрэча прэмʼер-міністраў Беларусі і Расеі.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Глядзі таксама