Бабарыка заклікаў на рэферэндум


Афіцыйны статус Віктара Бабарыкі – падазраваны. Абвінавачанні яму не прад’яўленыя. Больш як праз содні пасля затрымання ўлады дапусцілі адваката да прэтэндэнта на прэзідэнцтва. Затрыманне – незаконнае, заявіў Віктар Бабарыка. Але ці зможа ён працягнуць сваю палітычную дзейнасць?

Канкурэнт Аляксандра Лукашэнкі ў турме, але палітычная кампанія працягваецца. Штаб Віктара Бабарыкі апублікаваў зварот, які прэтэндэнт на прэзідэнцтва запісаў на выпадак свайго арышту.

«Я прапаную правесці агульнарэспубліканскі рэферэндум па змене Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. І паспрабаваць яе вярнуць, узяўшы за ўзор Канстытуцыю 1994 года. […] Я абсалютна ўпэўнены, што раз мы за адзін месяц сабралі за 400 тысяч, то ўжо як-небудзь за два месяцы мы зможам сабраць 450 тысяч», – заявіў Віктар Бабрыка.

Беларускія праваабаронцы прызналі Віктара Бабарыку палітвязнем. Бізнесоўца і ягонага сына Эдуарда накіравалі ў Следчы ізалятар КДБ. Нягледзячы на адсутнасць свайго кіраўніка, штаб Віктара Бабарыкі здаў у Цэнтрвыбаркам амаль 300 тысяч подпісаў.

«Частку подпісаў мы падамо сёння. Частку подпісаў мы не зможам падаць, таму што, на жаль, Віктар і Эдуард – гэта тыя людзі, якія маглі іх падаць у выбарчыя камісіі ў пэўных раёнах. Яны фізічна не змогуць іх туды прынесці», – распавяла супрацоўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава.

Справай Бабарыкі цяпер займаецца не Дэпартамент фінансавых расследаванняў, а КДБ – паведаміў генпракурор Аляксандр Канюк. Ягонае ведамства перакваліфікавала справу. Цяпер улады падазраюць апанента Лукашэнкі ў стварэнні «злачыннай арганізацыі». За гэта пагражае да 15 гадоў турмы. З чаго складалася «злачынства» – паведаміў сам Аляксандр Лукашэнка.

«Нам […] удалося зрабіць некаторыя крокі на апярэджанне і сарваць маштабны план дэстабілізацыі Беларусі. […] Маскі сарваныя з пэўных не толькі лялек, якія ў нас тут былі, але і лялькаводаў, якія сядзяць за межамі Беларусі», – заявіў Лукашэнка.

За межамі – гэта ў Расеі, заявіў у эфіры тэлеканалу СТВ кіраўнік Камітэту Дзяржкантролю Іван Тэртэль.

«Лялькаводы, якія стаяць за ягонай дзейнасцю, асцерагаюцца, што нашыя дзеянні прывядуць да атрымання звестак і пацверджання іх датычнасці да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці. Такімі асобамі, мы ведаем, ёсць вялікія начальнікі ў «Газпроме», а можа быць і вышэй!» – намякнуў кіраўнік КДК.

Афіцыйную версію затрымання Віктара Бабарыкі Іван Тэртэль паведаміў амбасадарам краінаў Еўразвязу і ЗША. Аднак тыя палічылі яе непераканаўчай, адзначае палітолаг Андрэй Ягораў.

«Напружанасць у стасунках з Еўрапейскім Звязам – гэта не вельмі разумнае рашэнне, нягледзячы на тое, як будзе разгортвацца сітуацыя. Дапамога Еўрапейскага Звязу і нармальныя дачыненні з міжнароднымі інстытуцыямі будуць патрэбныя, бо эканамічны крызіс паглыбляецца», – звярнуў увагу Андрэй Ягораў.

Праз краіны Еўразвязу Віктар Бабарыка і ягоныя калегі выводзілі грошы ў афшоры – заявіў у 14-хвілінным сюжэце канал «БЕЛАРУСЬ 1». Аднак гэта – парушэнне таямніцы следства, кажа праваабаронца і былы следчы пракуратуры Алег Волчак.

«Пракурор генеральны павінен унесці прадстаўленне, пазначыўшы ў ім «Белтэлерадыёкампанію», і забараніць ёй падаваць якую заўгодна інфармацыю нібыта з матэрыялаў крымінальнай справы. Мы не ведаем, што гэта за матэрыялы, адкуль яны. Гэта кажа толькі пра палітызацыю працэсу», – мяркуе Алег Волчак.

Нягледзячы на перакананні Менску, Еўразвяз заклікаў неадкладна вызваліць суперніка Лукашэнкі.

«Ніводнаму патэнцыйнаму кандыдату нельга забараніць завяршыць рэгістрацыю на падставе палітычна матываваных абмежавальных захадаў», – заявіла Еўрапейская дыпламатычная служба.

Аляксандр Папко, «Белсат»