Атручванне ў Солсбэры: 21 пацярпелы


Былы палкоўнік ГРУ, 66-гадовы Сяргей Скрыпаль і ягоная 33-гадовая дачка Юлія па-ранейшаму ў коме. Разам з імі ў шпіталі застаецца і паліцыянт Нік Бэйлі, які першы апынуўся на месцы здарэння і толькі напярэдадні апрытомнеў. Агулам жа, паводле звестак паліцыі, у выніку інцыдэнту ў Солсберы пацярпелі больш як 20 асобаў.

Шэраг брытанскіх медыяў ужо паведамілі, што Скрыпаля і ягоную дачку маглі атруціць рэчывам, якое выкарыстоўвалася расейскімі спецслужбамі пры штурме тэатру «Норд-Ост» на Дуброўцы ў Маскве ў 2002 годзе – фентанілам. Моц гэтага сінтэтычнага рэчыва больш як у 100 разоў перавышае эфект гераіну.

А сляды, як сцвярджаюць у Лондане, наўпрост вядуць у Маскву. Гэтак, выданне «Washington Post» падкрэслівае, што калі дакажуць датычнасць Крамля да атручвання Скрыпаля, гэта будзе новае злачынства Уладзіміра Пуціна, якога, цытата, «нельга ігнараваць».

«У Скрыпаля дакладна ёсць ворагі. Пуцін – ветэран савецкага КГБ, які стаў напрыканцы 1990-х кіраўніком пераемнай структуры, Федэральнай службы бяспекі (ФСБ). Менавіта тады Скрыпаль выдаваў расейскія сакрэты брытанцам. Іншыя крыўдзіцелі Пуціна альбо ягоных сябрукоў ужо застрэленыя, атручаныя, збітыя».

Іншае выданне, «Daily Telegraph, падае інфармацыю, згодна з якой Скрыпаль пасля вызвалення з расейскай турмы і пераезду ў Солсбэры падтрымліваў кантакты з брытанцам, які працаваў на тое самае агенцтва, што і Крыстафэр Стыл, – чалавек, што падрыхтаваў і перадаў амерыканскім уладам гэтак званую расейскую справаздачу пра сувязі Белага Дому з Крамлём.

Што ж датычыць новых доказаў гэткіх сувязяў, то акурат напярэдадні стала вядома аб сустрэчы Доналда Трампа з прадстаўніком Крамля на Сейшэльскіх Астравах – таемнае спатканне, як інфармуе «Washington Post», адбылося непасрэдна перад інаўгурацыяй новаабранага прэзідэнта ЗША.

Алею ў агонь дадала і арыштаваная напрыканцы лютага ў Тайландзе беларуска Насця Рыбка (сапраўднае імя Анастасія Вашукевіч), якая выказала гатовасць перадаць амерыканскім медыям інфармацыю пра сувязь расейскіх дэпутатаў з прэзідэнтам Доналдам Трампам і былым кіраўніком ягонага перадвыбарчага штабу Полам Мэнафартам.

Віталь Бабін, «Белсат»