Асудзілі злачынцаў у пагонах. «Пазбаўляюцца тых, хто пайшоў у разнос»


Згубілі і пагоны і маёмасць! Двое былых участковых міліцыянтаў Ленінскага раёну Берасця скіраваныя ў турму. Іх абвінавацілі ў махлярстве, крадзяжы і перавышэнні ўлады… Але падобных выпадкаў значна больш, чым судовых справаў – сцвярджаюць праваабаронцы.

Дваіх участковых міліцыянтаў з Берасця сёння асудзілі за злачынную дзейнасць – супраць найбольш уразлівых грамадзянаў. Уладзімір Вялічкін, праваабаронца:

«Садзяць тых, кім ужо цалкам немагчыма кіраваць. То бок калі ўплываць яшчэ можна, іх трымаюць. Калі ж людзі ўжо цалкам у разнос пайшлі, то яны ўжо не маюць выбару, мусяць адно пазбыцца іх».

Былыя ўчастковыя Ленінскага раёну Берасця Юрый Грышкоў і Валерый Кандрацюк пакрыўдзілі траіх. Залежнага ад алкаголю мужчыну пад страхам накіравання ў Лячэбна-працоўны прафілакторый змусілі прадаць двухпакаёўку ў Берасці, а грошы прысвоілі. З жыхара Масквы ўзялі хабар за станоўчае развязанне пытання пасля бойкі ў бары. У жыхара Берасця канфіскавалі нятанны тэлефон.

Суд Ленінскага раёну Берасця пакараў Грышкова і Кандрацюка шасцю і пяццю гадамі адпаведна – у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Плюс канфіскацыя маёмасці, штрафы і часовае пазбаўленне права займаць пэўныя пасады. Званняў старэйшага лейтэнанта і маёра супрацоўнікаў пазбавілі.

«У сям’і не без урода, і такія несумленныя людзі могуць быць у любой структуры, а з іншага боку, я лічу, што ўсё ж такі.… Упраўленне ўнутраных справаў аблвыканкаму недастатковую праводзіць работу са сваймі падначаленымі», – кажа Барыс Паўлоўскі, аглядальнік газеты «Вячэрні Брэст».

Пэўную работу ўсё ж праводзяць… Грышкоў і Кандрацюк напрацягу некалькіх гадоў выконвалі «брудную» працу – сачылі за апазіцыянерамі, праціўнікамі «дэкрэту аб дармаедах«, актывістамі акцыяў супраць запуску ля гораду экалагічна шкоднага акумулятарнага заводу. Уладзімір Вялічкін, праваабаронца:

«У іх на сумленні нешта ёсць, іхнае начальства пра гэта ведае і таму выкарыстоўвае менавіта ў незаконнай дзейнасці супраць апазіцыянераў».

Магчыма таму ў навінах на старонцы УУС Берасцейскага аблвыканкаму пра сённяшні працэс – ані слова. А журналістаў і праваабаронцаў, якія цікавяцца тэмаю, у залу суда не пусцілі.

Вось толькі іміджу органаў такія перасцярогі не ўратуюць. У краіне, паводле неафіцыйнай статыстыкі, на 100 тысячаў чалавек прыпадае 300 супрацоўнікаў – дачыненне з сілавікамі мелі многія.

Юлія Цяльпук, belsat.eu