Асуджаная за хатнія роды падасць у суд на дзяржаву


«Апраўдаць за адсутнасцю складу злачынства» – такое рашэнне прыняў Віцебскі абласны суд адносна Вольгі Сцяпанавай. Жанчына, якую раней асудзілі за ненаўмыснае прычыненне смерці падчас хатніх родаў, цяпер сама рыхтуе позву. Яна плануе атрымаць маральную кампенсацыю да $ 10 тыс. за перабыванне ў СІЗА.

Справа Вольгі Сцяпанавай ускалыхнула ўсю Беларусь

Кабета нараджала ўдома і, паводле следства, праз неасцярожнасць страціла немаўля. Чатыры месяцы яна правяла ў СІЗА па абвінавачанні ў ненаўмысным прычыненні смерці. 7-га верасня 2017 года суд Чыгуначнага раёну Віцебску асудзіў жанчыну да шасці месяцаў калоніі-пасялення, але замяніў пакаранне на падпіску пра нявыезд. Сёння ж Віцебскі абласны суд Сцяпанаву цалкам апраўдаў.

Адразу пасля агучвання прысуду адвакатка заявіла медыям пра далейшыя планы. Вольга ж на разглядзе справы не прысутнічала, яна парушыла падпіску пра нявыезд і з’ехала ў суседнюю Расею.

Суд на парушэнне ўвагі не звярнуў

Падпіску са Сцяпанавай таксама знялі.

«За ёй прызнана права на маральную і матэрыяльную кампенсацыю ў сувязі з гэтай справай», – заявіла Надзея Бірукова, адвакатка Вольгі.

Сцяпанава была ў СІЗА з 6-га траўня да 7-га верасня. Праз месяц пасля вызвалення яна звярнулася з відэазваротам да кіраўніка краіны.

«17-га лютага ў мяне ў хуткіх родах нарадзілася дачка, гэта адбылося праз сур’езную ўнутраную траўму. Адразу пасля народзінаў дзіцяці была выкліканая хуткая, якая паўтара кіламетры ехала 22 хвіліны», – распавяла ў звароце жанчына.

Цяпер Вольга Сцяпанава жыве ў Санкт-Пецярбурзе. Летась на 6-ым месяцы цяжарнасці яна прыехала да маці ў Віцебск, каб нараджаць разам з сям’ёю. Трагедыя, якая здарылася з ёю, спрычынілася да дыскусіі, наколькі небяспечныя хатнія роды. І калі міністр аховы здароўя Валер Малашка заявіў пасля абвінаваўчага выраку, што не лічыць жанчыну вінаватаю, то частка дэпутатаў парламенту прапанавала забараніць хатнія роды заканадаўча.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»