Асілак Вячаслаў Харанека дае парады, як сядзець удома з карысцю для здароўя


Вячаслаў Харанека атрымаў у народзе тытул «Караля гіраў». Фота – «Белсат»

Спартовец заклікае дбаць пра сабе падчас пандэміі і падтрымаць тых, хто змагаецца з каронавірусам.

Праз месяц нарадзінец Бабруйску Вячаслаў Харанека адзначыць сваё 59-годдзе. Чатыры гады таму яму памянялі абодва тазабедраныя сугломы, і цяпер ён не можа, як раней, падымаць цяжкасці стоячы. Кожны са 160 сваіх папярэдніх рэкордаў асілак Харанека прысвячаў чаму-небудзь ці каму-небудзь асабіста. Гэтак і цяперашнім рэкордам заклікае дбаць пра сабе ва ўмовах пандэміі ды падтрымаць тых, хто змагаецца з каронавірусам.

«Гэтая акцыя за жыццё, за жыццё ўсіх: і лекараў, якія змагаюцца з гэтым злом, і людзей, якія змагаюцца, якія хочуць жыць ува ўсім свеце. І жыццё павіннае перамагчы. І яна пераможа», – кажа Вячаслаў Харанека.

Гэты ладунак – гіра вагою 24 кілаграмаў 50 грамаў. За сваё шматгадовае спартовае жыццё, спачатку прафесійнае, а потым аматарскае, Вячаслаў Харанека паставіў больш за паўтары сотні профільных рэкордаў у экстрэмальным падняцці цяжкасцяў. І гэта былі не толькі гіры, але і гантэлі, і штангі, і нават піўныя кегі.

Прамежкі часу выкарыстоўваў таксама розныя: ад адной хвіліны да 48-гадзіннага спаборніцтва з сабой – стоячы, лежачы, у шпагаце і нават у шпагаце пад вадою. Цяпер, узняўшы паўтарапудовую гіру 170 разоў за 163 секунды, пастаўленую задачу амаль выканаў. Бо меў на мэце ўкласціся ў 160 секундаў.

Атлет не раіць непрафесіяналам паўтараць ягоныя рэкорды. Маўляў, для адных будзе проста цяжка, іншым – нават небяспечна. І заклікае не марнаваць сядзення ўдома падчас пандэміі. Сачыць за сваім здароўем і фізічнаю формаю можна і ў чатырох сценах.

«Ужо даказана, гэта не я кажу, што фізічныя практыкаванні, якія дастаўляюць чалавеку радасць, павышаюць імунную сістэму. То бок кожны павінен знайсці свой від фізічнай дзейнасці: аднаму падабаецца штосьці сілавое, іншаму – кардыё, бегаць, скакаць. Але галоўнае, каб чалавек рухаўся з розумам. А песімізм, дэпрэсія, апатыя, паніка – гэта ўсё зніжае», – дадае Харанека.

Нястомны аптыміст і ўпарты сусветны рэкардсмен не прывык адпачываць. І надоўга спыняцца не збіраецца. Ужо з панядзелка ён пачынае рыхтавацца да новага рэкорду, які прысвеціць юбілею перамогі ў Другой сусветнай вайне. Са шчыраю вераю, што пік небяспекі каронавіруса да таго часу рэзка спадзе.

Рэпартаж Аляксандра Пуцілы глядзіце ў поўным выданні навінаў за 5 красавіка