Арнітолаг робіць сіпушатнікі, каб уратаваць соваў


Звычайная ў Еўропе, але не ў нас. Сіпуха – від соваў, якія жывуць ад Партугаліі да Эстоніі. Арнітолаг Дзяніс Кіцель з паплечнікамі робіць гэтак званыя сіпушатнікі. З іх дапамогай актывісты спадзяюцца павялічыць колькасць соваў. Бо цяпер у Беларусі вядомая толькі адна пара сіпух. Звязана гэта перадусім з дэфіцытам месцаў гнездавання.

«Досвед заходнееўрапейскіх краінаў такі, што калі рабіць нейкія намаганні для прываблівання сіпух у штучныя гнёзды, колькасць іхная павялічваецца», – кажа арнітолаг Дзяніс Кіцель.

Існуе вялікі шанец на поспех акцыі: гэты від савы размнажаецца хутка, за сезон у яе могуць быць ажно два вывадкі. Селіцца сіпуха звычайна на старых фермах і ў сельскагаспадарчых будынках ды можа прыносіць карысць чалавеку:

«Для гаспадаркі яна важная тым, што корміцца грызунамі і тым самым дапамагае гаспадарцы нашай», – тлумачыць біёлаг Раман Ківачук.

Актывісты плануюць вырабіць чатыры дзясяткі дамкоў ды развесіць іх у красавіку на тэрыторыі сельскагаспадарчых фермаў у Берасцейскай і Гарадзенскай вобласцях. Бо менавіта там найбольш прыдатны для гэтых птушак клімат.

«Ніводны з відаў соваў не будуе гнёздаў самастойна, яны выкарыстоўваюць ужо гатовыя. Сіпухам важна, каб гэта была імітацыя нейкай адтуліны», – кажа Дзяніс Кіцель.

Дно сіпушатніка актывісты выкладуць стружкай і травою. Каб птушкі змаглі там адкладваць яйкі.

Арнітолагі зрабілі гаўбец птушанятам. Тут савяняты будуць распростваць крылы і вучыцца лётаць.

Пакрыць выдаткі на вырабленне дамкоў арнітолагам удалося з грошай, сабраных на краўдфандынгавай платформе ўсяго за некалькі дзён.

«Звыш за 170 чалавек падтрымалі нас гэтым разам. І гэта вельмі радасна ўсведамляць, што тэмы прыродаахоўныя адгукаюцца ў сэрцах людзей ды выклікаюць цікавасць і птушкі, і як ім дапамагчы», – расказвае кіраўніца адзелу развіцця градаскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Карына Салавей.

У дамкі совы могуць засяліцца ўжо сёлета: арнітолагі абяцаюць рэгулярна правяраць развешаныя сіпушатнікі.

Наста Кахановіч, «Белсат»