Апошні раз так мала хлеба ў Беларусі збіралі 17 гадоў таму


Рэкордна малы намалот зерня прагназуюць гэтым годам у Беларусі нават паводле афіцыйнай статыстыкі. З чым звязаная такая сітуацыя і як яна паўплывае на міжнародны рынак зерня ды ў прынцыпе на беларускую эканоміку? Высвятляў Зміцер Міцкевіч.

Пяць мільёнаў тон – прыблізна столькі збожжа збяруць сёлета ў Беларусі. Гэткага малога намалоту не было аж сямнаццаць гадоў.

Агулам на сёння збожжа сабралі з амаль 96,5 % запланаванай плошчы. Нізкая ўраджайнасць – у сярэднім усяго 26,4 % цэнтнера з гектару – найперш выкліканая надта спякотным надвор’ем, якое, зрэшты, папсавала планы не толькі беларускім аграрыям. Да прыкладу, у Нямеччыне праз анамальную засуху сёлета загінула практычна 20 % ураджаю. У грашовым вымярэнні магчымыя страты там склалі амаль $ 1,5 млрд.

«Прадказваюць, што росту цэнаў на сусветным рынку не будзе. Гэта такі крызіс, які закрануў Украіну, частку Расеі, еўрапейскія краіны, нашых суседзяў. Гэта лакальны для свету крызіс. Ён перакрываецца іншымі рэгіёнамі свету», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Аптымістычна глядзяць на сітуацыю і ўлады Беларусі.

«Хлеба ў краіне будзе дастаткова. Нам засталося 160 тысяч тонаў збожжа да выканання дзяржаўнай замовы. Будзем з белым і чорным хлебам, крупамі, малаком і мясам – усім неабходным. Засуха, якая паўплывала на ўраджай, не адаб’ецца на харчовых паліцах і гаманцах нашых грамадзянаў», – заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.

Тым часам дакупляць збожжа Беларусі ўсё адно давядзецца – найперш гаворка пра пшаніцу цвёрдых гатункаў, з якой робяць прадукцыю высокай якасці: муку, макаронныя вырабы, хлеб.

«Гэта не агучваецца, але дазакупляць давядзецца. Бо пры нашай развітой свінагадоўлі і вялікай колькасці свінакомплексаў адною кукурузай гэтае пытанне не закрыць», – кажа шэф-рэдактарка Agrolive.by Іна Гармель.

Закрываць пытанне можна, да прыкладу, з дапамогаю ўсходніх суседзяў. Гэтак, напрыканцы ліпеня віцэ-прэ’ер РФ Аляксей Гардзееў заявіў, што ў Расеі ўжо каторы год стабільна назіраецца перавытворчасць збожжа. Адпаведна, лішкі будуць прадавацца. Вось толькі чым будзем плаціць за расейскае збожжа?

«Канечне, гэта адаб’ецца на эканамічным стане і перш за ўсё, урэшце, на даходах працаўнікоў, – працягвае Злотнікаў. – Гэта проста накладваецца яшчэ адзін фактар на шэраг іншых фактараў, якія ўжо працуюць на пагаршэнне нашай эканомікі».

Айчынная ж сельская гаспадарка і без таго праз свой датацыйны характар цягне эканоміку ўніз. Сярэдняя ж ураджайнасць зерневых у Беларусі – каля 30 цэнтнераў на гектар – таксама не дае падставаў, каб заяўляць пра нейкія поспехі, асабліва на фоне суседзяў. Да прыкладу, у Польшчы ды Украіне ўраджайнасць прынамсі на траціну большая.

«Шмат земляў, якія ў нас засяваюцца збожжам, насамрэч не павінныя ім засявацца. Але аграрыі вымушаныя гэта рабіць, бо вышэй пастаўленае кіраўніцтва патрабуе ад іх менавіта збожжавы вал. А таму патрэбна сеяць. Я ўжо не кажу пра севазварот, бо нельга садзіць збожжа на наступны год пасля таго, як там да гэтага расло збожжа. Цяпер гэта паправілася троху, але раней мела месца быць», – дадае Іна Гармель.

А таму ці не адзіным полем, дзе буяе аптымізм, застаецца, бадай, рыторыка кіраўніцтва краіны ды асвятленне штогадовых «бітваў за ўраджай» у праўладных медыях.

Зміцер Міцкевіч; фота – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum