Апазіцыя змагаецца за паляпшэнне сітуацыі палітычных партыяў у Беларусі


Упершыню Закон «Аб палітычных партыях» быў прыняты ў кастрычніку 1994 года, сёлета Міністэрства юстыцыі плануе ўнесці ў яго папраўкі. Прадстаўнікі апазіцыйных палітычных партый праз прапановы зменаў у законе намагаюцца наблізіць беларускае заканадаўства да міжнародных нормаў.

Палітычнае гета і шырокія магчымасці – у такіх умовах сёння існуюць апазіцыйныя і прадзяржаўныя палітычныя партыі. Роўных магчымасцяў і дзейнасці згодна з сусветнаю практыкаю праз змены ў заканадаўстве спрабуюць дамагчыся прадстаўнікі дэмакратычных палітычных сілаў.

Палітычныя партыі – адзін з галоўных суб’ектаў палітычнага жыцця краіны, цвердзіць беларуская Канстытуцыя. Што ведаюць пра палітычныя партыі беларускія грамадзяне і ці лічаць іх патрэбнымі – цікавімся ў менскіх мінакоў:

«Не ведаю ніводнай палітычнай партыі Беларусі, больш ведаю палітычныя партыі Расеі».

«Патрэбныя, ведаю. Якія ў нас? БНФ – партыя, здаецца, ну і ўсё, больш не ведаю».

«Павінныя, гэта безумоўна, каб былі нейкія змены ў грамадстве».

«Можа быць, яны і патрэбныя: як зарыентуюць народ, каб народ жыў у дружбе і згодзе».

«Патрэбныя, ва ўсім свеце ёсць, і нам патрэбныя».

За 25 гадоў дзеяння Закону «Аб палітычных партыях» у Беларусі напачатку былі створаныя 30 палітычных партыяў, а затым 15 з іх – ліквідаваныя. З 1999 года дзейнае заканадаўства не дазволіла зарэгістраваць ніводнай палітычнай партыі.

«Партыі ў нас у заняпадзе. Акрамя, хіба што, праўладных партыяў, якія маюць ільготы. Ім даюцца памяшканні з дзяржаўнага фонду, для аплаты прапаноўваюцца паніжальныя каэфіцыенты, якіх няма ў апазіцыйных партыяў», – кажа доктар юрыдычных навук, прафесар Міхаіл Пастухоў.

Папраўкі, якія прапаноўвае Міністэрства юстыцыі, паводле лідараў палітычных партыяў, не закранаюць праблемных пытанняў і маюць хіба касметычны характар.

«Мы – адзіная краіна, дзе няма дзяржаўнага фінансавання палітычных партыяў. Гэта трэба выправіць, не змяняючы Канстытуцыі, унёсшы адпаведны раздзел у Закон «Аб палітычных партыях». Дзе ў залежнасці ад падтрымкі партыі на выбарах яна будзе атрымоўваць дзяржаўнае фінансаванне», – заяўляе лідар партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін.

Прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці спадзяюцца, што іхныя прапановы будуць прынятыя хаця б часткова. І ў гэтым мусяць быць зацікаўленыя не толькі апазіцыйныя структуры, але і ўлады.

«Падпісанне базавага пагаднення з ЕС павінна адбывацца з палітычнай лібералізацыяй у Беларусі. Павінныя адбыцца змены ў законах аб палітычных партыях, масавых акцыях, у Выбарчым кодэксе – і тады можна смела падпісваць гэтае базавае пагадненне», – кажа Ігар Барысаў, лідар БСДГ (Грамада).

Бліжэйшымі днямі прапановы аб зменах у Закон «Аб палітычных партыях» прадстаўнікі апазіцыйных палітычных сілаў перададуць у Міністэрства юстыцыі.

Галіна Абакунчык, belsat.eu