Апазіцыя ідзе на выбары. Тыя ж граблі ці магчымасць прарвацца?


Хаваць нічога не будзем, а хто хоча ісці на выбары, таму дадуць прамую дарогу. Падчас працоўнай сустрэчы з кіраўніцай Цэнтрвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай Лукашэнка падтрымаў ідэю правесці мясцовую кампанію 18-га лютага 2018-га года.

«У нас усе людзі прачнуцца, як толькі пачуюць словы выбары. Ім куш не давай, але паразмаўляць на гэтую тэму важна. Таму важна, каб усе нюансы вы акрэслілі загадзя. Каб не было варажбы на кававай гушчы, і розных інсінуацый, хоць і гэта будзе», – зазначыў кіраўнік Беларусі.

Апазіцыя ж чакае «рознага кшталту інсінуацыяў» ад саміх уладаў

У першую чаргу – магчымых фальсіфікацыяў, а таму плануе выставіць на мясцовыя выбары больш за тысячу сваіх назіральнікаў па ўсёй краіне.

«Кожны жыхар мікрараёна можа сам прыйсці і на ўласныя вочы пабачыць, як адбываюцца выбары. Для гэтага трэба сабраць дзесяць подпісаў, падаць заяву ў выбарчую камісію і быць назіральнікам», – тлумачыць як усё проста Мікіта Семяненка, сябра Руху «За свабоду».

Ды калі з назіральнікамі ад кампаніі «Права выбару» недахопу не будзе, то з кандыдатамі апазіцыя пакуль яшчэ вызначаецца. Аднак ужо цяпер «За свабоду» плануе выставіць на мясцовыя выбары 27 сваіх прадстаўнікоў.

Галоўная мэта – аказваць дапамогу беларусам у развязанні лакальных праблемаў

Агулам жа рух ідзе ў мясцовыя саветы з трыма галоўнымі пунктамі сваёй праграмы пад лозунгам «За адказную ўладу».

«Гэта абранне кіраўнікоў адміністрацыяў жыхарамі гарадоў, падкантрольнасць выканкамам мясцовым саветам – гэта значыць, што ключавыя чыноўнікі мусяць прызначацца па рашэнню Саветаў, і трэцяе – гэта конкурсны набор чыноўнікаў у выканкамы на працу», – тлумачыць старшыня арганізацыі Юрась Губарэвіч.

Аднак, калі за выбары ў краіне ўжо амаль два дзесяцігоддзі адказвае адзін чалавек, а іх вынікаў не прызнае аніводная міжнародная структура, акрамя расейскіх сяброў, то і чакаць справядлівага абрання чыноўнікаў народам, а не прызначэння зверху, наўрад ці выпадае і цяпер.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum