Анатоль Лябедзька атрымаў трое сутак арышту


Трое сутак арышту ды грашовае спагнанне ў памеры 1225 рублёў. Гэтак суд Жабінскага раёну паставіў кропку ва адкладзенай раней справе лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Кіраванне аўтам без правоў, якое б у звычайнай сітуацыі мелася скончыцца штрафам, для палітыка сталася яшчэ і брутальным затрыманнем з абвінавачваннем у непадпарадкаванні працаўнікам ДАІ.

Разгляд справы аб кіраванні аўтамабілем без правоў ды непадпарадкаванні міліцыі скончыўся не на карысць лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Суд Жабінскага раёну, што на Берасцейшчыне, пакараў яго штрафам 50 базавых велічыняў, або 1225 рублёў, а таксама трыма соднямі арышту. Іх палітык ужо адбыў да суда.

«Закон не азначае аўтаматычна, што гэта ёсць твае правы, што да цябе ёсць павага. Таму на адзін пратакол я не звяртаў увагі, і яго ўвогуле можна было вырашыць за 5 хвілін падчас затрымання», – распавядае Анатоль Лябедзька.

То бок, штраф за кіраванне без правоў можна было б выпісаць на месцы. Тым не менш працаўнікі ДАІ, якія на пачатку лютага без тлумачэнняў спынілі аўтамабіль палітыка на трасе Берасце – Менск, палічылі неабходным з ужываннем сілы выцягнуць Анатоля Лябедзьку з машыны ды адвезці ў РАУС на 6 гадзінаў. А ўжо пазней – перавесці ў Кобрынскі ізалятар часовага ўтрымання.

«Тэмпература 13-14 градусаў, я там тры ночы перажыў, але, калі людзі там месяцамі знаходзяцца, то гэта ёсць здзек, гэта ёсць гвалтаванне. Гэта катаванні, па міжнародных стандартах – гэта катаванні», – падкрэслівае палітык.

І неабґрунтаванае затрыманне на трасе, і інкрымінаванае непадпарадкаванне працаўнікам ДАІ, палітык расцэньвае як план уладаў перашкодзіць правядзенню перадвыбарчых пікетаў. Анатоля Лябедзьку, які быў даверанай асобай кандыдата на дэпутацтва Аляксандра Дабравольскага, затрымалі акурат тады, калі яны разам вярталіся са збору подпісаў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці. Змяшчэнне ж у ізалятар сарвала палітыку пікеты ў Магілёве, Асіповічах і Бабруйску.

«Часам нашыя суддзі адпраўляюць на дапрацоўку ў такіх выпадках быццам бы. Што значыць на дапрацоўку? Значыць – чалавека, дакументы нармальна не змаглі аформіць, няма доказаў, што ён штосьці парушыў, і суд вяртае на дапрацоўку ў міліцыю, я б гэтых міліцыянераў на дапрацоўку адпраўляў. Суддзяў бы таксама такіх трэба было адпраўляць, але часам яны маюць мужнасць з чымсьці не пагадзіцца. Тут такога не адбылося!» – кажа Аляксандр Дабравольскі.

Пра пільны кантроль за сваёй дзейнасцю, у тым ліку і з боку спецслужбаў і ДАІ, Анатоль Лябедзька неаднаразова заяўляў і раней. Што да пратэрмінаванага пасведчання кіроўцы, абмяняць яго палітык гэтак жа не можа, пасля дзіўнага збегу абставінаў. Палітык праязджаў на ровары ля групы амапаўцаў, ды раптоўна – страціў прытомнасць.

«Я пакуль запрасіў у ГУВД г Менска, каб яны даслалі мне поўную версію таго, што адбывалася, бо вось гэты маленькі фрагмент, які яны пусцілі, толькі ставіць новыя пытанні», – кажа Лябедзька.

Відэа выратавання палітыка Галоўнае ўпраўленне ўнутраных справаў змясціла на сваім сайце. Цяпер жа пры выснове ўсіх медыкаў пра абсалютнае здароўе Анатоля Лябедзькі, даведкі яму не выдаюць.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Фота – ucpb.org