Амерыканцы падлічылі: беларусы жывуць добра


Арэнда кватэры – удвая таннейшая, чым у Нью-Ёрку, а ежа каштуе ў тры з паловай разы менш. Гэта, а таксама прыгожую прыроду і замкі адзначае пра нашую краіну амерыканскае выданне «GOBankingRates» у сваім рэйтынгу найтаннейшых у свеце месцаў для жыцця.

Беларусь у гэтым спісе займае 27-е месца

У доларавым эквіваленце мы плацім за свае жыццёвыя патрэбы больш, чым украінцы, малдаване ці палякі, але менш, чым пераважная бальшыня са 115-ці краін, пералічаных у рэйтынгу.

Доларавыя кошты ў Беларусі сапраўды ў выніку шэрагу дэвальвацыяў, знізіліся. Гэтак, за апошнія чатыры гады курс рубля абясцэніўся адносна долара больш як удвая. А кошты ў рублях, калі верыць афіцыйнай статыстыцы, выраслі за гэты час усяго на 60 %. Атрымліваецца, што для амерыканца, які выдаткоўвае ў нашай краіне долары, жыццё ў Беларусі стала таннейшым амаль на чвэрць, у параўнанні з пачаткам 2014-га.

У саміх беларусаў, паводле Белстату, доларавыя заробкі ўпалі таксама крыху менш, чым на чвэрць. Таму можна зрабіць выснову, што наш жыццёвы ўзровень цяпер такі самы, як і чатыры гады таму. Але, насамрэч, сярэдні паказнік дасягнуты коштам большага расслаення. То бок, айцішнікі, фінансісты ды шэраг іншых высокааплочваемых прафесіяў зарабляюць цяпер больш. А вось доларавы заробак рабочых і службоўцаў, паводле таго ж Белстату, абрынуўся на траціну.

«Жыць можа стаў той, хто атрымлівае вялікі заробак, хто блізкі да ўлады. А так – калі браць насельніцтва жыццёвы ўзровень знізіўся», – упэўнены прафесар эканомікі Леанід Заіка.

А што суседзі?

За гэты ж перыяд доларавы заробак украінцаў, на фоне ваеннай і эканамічнай атакі з боку Расеі, зменшыўся на траціну, хоць і кошты там зменшыліся мацней, чым у Беларусі. А вось у еўрапейскіх суседзяў – стабільны рост. Сярэдні заробак палякаў за 4 гады вырас на 8 %, а літоўскі, за гэты ж час, у еўра – падскочыў ажно на траціну.

Паказнікам узроўню жыцця могуць быць абнародаваныя напярэдадні звесткі Белстату. Напрыклад, якую долю свайго прыбытку людзі трацяць на ежу. У Беларусі – больш за 40 %. Гэта, як і ва Украіне – на ўзроўні Пакістану ці Перу, але значна горш, чым у Малайзіі, Інданезіі ды бальшыні краінаў Лацінскай Амерыкі.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат». фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum