Амерыканскі аналітычны цэнтр Gallup: Беларусы – самая неэмацыйная нацыя ў свеце


Гэтак цвердзяць вынікі даследавання амерыканскага аналітычнага Gallup-цэнтру за мінулы год. Мы прыгледзеліся амерыканскай статыстыцы – ці справядлівае нашае апошняе месца?

Ці шмат вы ўсміхаліся і смяяліся ўчора? А ці турбаваліся? Ці пачуваецеся адпачылым? І ці задаволеныя ўчорашнім днём? Гэтыя ды іншыя пытанні сацыёлагі Інстытуту Gallup задавалі больш як у 140 краінах свету. Аказалася, што найменш як пазітыўных, гэтак і негатыўных эмоцыяў перажылі… беларусы. Узровень нашае эмацыйнасці – 34 %. 60 % атрымала самая эмацыйная краіна – Эквадор.

«З эмоцыямі ў нас праблемы часамі бываюць».

«Наадварот, у нас бывае вельмі шмат эмоцыяў, зашкальвае».

«Людзі ўва ўсім свеце па большай частцы аднолькавыя. Эмацыйная частка кожнага чалавека можа па-рознаму адлюстроўвацца і па-рознаму праяўляцца. Таму суб’ектыўнае меркаванне сказаць, што беларусы – самыя неэмацыйныя».

«Ураўнаважаныя вонкава. Насамрэч, у беларусаў таксама пачуцці вельмі глыбокія, вельмі моцныя. Вядома, гэта не праяўляецца, як у італьянцаў, махі рукамі ды крыкі. Але нашыя людзі таксама ў плане эмоцыяў не бедныя».

«З блізкімі мы губляем гэтую скаванасць. Мы проста горш неяк раскрываемся з незнаёмымі людзьмі», – кажуць жыхары Менску.

А самымі жыццярадаснымі аказаліся жыхары Парагваю і Панамы. Іхны ўзровень – 85 %. Апошнія ў гэтым рэйтынгу – жыхары Афганістану. Узровень іхнага пазітыву – 43.

Беларусь жа апярэджвае Афганістан толькі на адную пазіцыю. Гэтак, узровень пазітыву беларусаў – 48.

Якую апошнюю эмоцыю перажылі менчукі і з чым яна была звязаная?

«Моцныя эмоцыі я адчуваю штодзень. Я цешуся адкрыццям малыша».

«Нядаўна дзень народзінаў святкавалі».

«- Адная з самых апошніх – тое, што рабіў прапанову сваёй дзяўчыне.

– І як даўно гэта было? Летась у чэрвені».

А вось узровень перажытых негатыўных эмоцыяў – смутку, гневу, застрэсаванасці – у беларусаў не надта вялікі. Тут сярод лідараў – афрыканскія краіны ды Ірак.

Юлія Лабанава, belsat.eu