Амерыканская нафта – у Беларусь праз Польшчу

Зніжэнне ВУП і аб’ёмаў вытворчасці айчынных прадпрыемстваў. Гэткія наступствы зазнала беларуская эканоміка без таннай расейскай нафты. Чарговыя перамовы аб пастаўках – з кіраўніком кампаніі «Роснефть» Ігарам Сечыным – Аляксандр Лукашэнка правеў сёння. Аднак ізноў – без канкрэтыкі. У той жа час «Белнафтахім» працягвае перамовы з Польшчай.

Ігар Сечын – не проста галоўны выканаўчы дырэктар дзяржаўнай кампаніі «Роснефть», ён былы віцэ-прэмʼер і дзейны блізкі сябар Уладзіміра Пуціна. А ў Менску – непасрэдны прадстаўнік Крамля ў нафтавых перамовах.

«Летась вы ў Беларусь паставілі палову нафты, якую мы куплялі ў Расеі, перапрацавалі ў Беларусі. Хацелася б поўнай яснасці», – заявіў Лукашэнка на сустрэчы з Сечыным.

«Я вельмі цаню тыя давяральныя стасункі, якія існуюць між намі, і хацеў бы сказаць, што «Роснефть» – буйны інвестар у эканоміцы Беларусі», – адказаў яму Сечын.

Спыненне расейскіх паставак ужо адбілася на эканоміцы: экспарт нафтапрадуктаў за мінулы год скараціўся на 19,7 %. За студзень валавы ўнутраны прадукт Беларусі знізіўся на 1,9 % у параўнанні з леташнім студзенем.

Масква прывязвае пастаўкі нафты з паглыбленнем інтэграцыйных працэсаў, а Менск шукае іншыя крыніцы вуглевадародаў. І такія схемы ёсць, падкрэслівае аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч: напрыклад, пампаваць іранскую нафту праз украінскі маршрут Адэса-Броды з частковым рэверсам адной з галінаў трубаправоду «Дружба», як раней пампавалі венесуэльскую. Або купіць нафту ў ЗША, як прапаноўваў дзяржсакратар Майк Пампэа.

«Гэта своп-схемы са Злучанымі Штатамі, каб не качаць амерыканскую нафту: ЗША прадае сваю нафту палякам, і таксама беларускую нафту адгружаюць у польскіх партах, а беларусы «Уралс» адбіраюць з «Дружбы». Гэта магчыма», – мяркуе Тышкевіч.

Польскі эксперт энергетычнага рынку Пётр Мацёнжэк сумняецца, што варта выкарыстоўваць замяшчальныя схемы з частковым рэверсам трубаправоду – па «Дружбе» нафта ідзе і ў Нямеччыну, і ў Чэхію, і Беларусі варта клапаціцца пра імідж надзейнага транзіцёра. Але можна разам з польскай групай кампаніяў «Орлен» скарыстацца літоўскім нафтавым тэрміналам у Буцінге, а адтуль прывезці нафту чыгункай у Наваполацк.

««Orlen» таксама выкарыстоўвае амерыканскую нафту, і калі б гэтыя пастаўкі былі злучаныя – адным танкерам нафта і для Беларусі, і для Польшчы, – то кошты паставак упалі б і яны былі б выгадныя для абодвух бакоў», – тлумачыць Мацёнжэк.

Гэта не значыць, што ЗША можа замясціць усю расейскую нафту ў Беларусі, прынамсі, калі Доналд Трамп не будзе перабіваць расейскі кошт дэмпінгам, адзначае эксперт. Але і палітычна, і тэхнічна ёсць магчымасць распачаць выгадную супрацу пры пасярэдніцтве Варшавы на доўгія гады.

«Паўтара года таму канцэрн «Белнафтахім» шукаў польскага пасярэдніка, рэалізоўваючы палітыку Аляксандра Лукашэнкі, які даволі нечакана заявіў, што будзе шукаць крыніцы нафты па-за Расеяй», – распавядае польскі эксперт.

«Белнафтахім», дарэчы, якраз сёння паведаміў, што працягвае перамовы з Варшавай пра частковы рэверс нафтаправода «Дружба». Апошняя сустрэча адбылася на мінулым тыдні. Раней Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што імпарт расейскай нафты варта знізіць да 40 %, і можна купляць сыравіну праз Гданьск – хоць у Злучаных Штатаў, хоць у Саудаўскай Аравіі. Аднак, як прызнаюць эксперты, гэтыя заявы могуць быць толькі для ўзмацнення перамоваў з Масквой.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама