«Амапаўцы амаль першы раз казалі праўду». Зноў судзяць абаронцаў незалежнасці


Улады Беларусі не рассакрэцілі змест дарожных мапаў паглыбленай інтэграцыі з Расеяй, не адмовіліся ад гэтага паглыблення, затое працягваюць судзіць грамадзянаў, якія выйшлі на акцыі ў абарону незалежнасці. Грамадскіх актывістаў судзілі ў Менску, Шклове ды Віцебску.

Больш за месяц прайшло з часу акцыяў у абарону незалежнасці Беларусі, а суды над іх удзельнікамі працягваюцца. Гэтак, у судзе Менскага раёну журналіста і грамадскага актывіста Іллю Дабратвора пакаралі штрафам 270 рублёў.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Ад такога выраку не дапамог нават аргумент Дабратвора, што ён выконваў працоўныя абавязкі журналіста, а не браў непасрэднага ўдзелу ў акцыі.

«Здзівіла мяне тое, што амапаўцы амаль першы раз казалі праўду, што я сапраўды не быў удзельнікам, не выкрыкваў лозунгаў, нічога. То бок падставаў для таго, каб мяне асудзіць, у суддзі не было. А ён вырашыў падставаў не шукаць, а проста выдаў 10 базавых і да пабачэння», – распавядае Ілля Дабратвор, журналіст «Беларускай праўды».

Напярэдадні ў Віцебску затрымалі актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Алеся Круткіна і Наталлю Спірыдонаву за тое, што тыя наляпілі на будынак Віцебскай абласной пракуратуры налепку. Круткіна вінавацяць у дробным хуліганстве. Да суда ён прабудзе ў ізалятары часовага ўтрымання. Аднак цяпер актывіста этапавалі ў Полацк, каб судзіць за ўдзел у менскіх акцыях дзеля абароны незалежнасці.

«Тут менавіта такі пратакол, то быццам бы лозунг «Калгаснай дыктатуры – баста» з выявай Лукашэнкі, дзе ён з Коляй і дынямі, абражае пачуцці грамадства. Але гэта не абражае пачуццяў грамадства, нашае грамадства, наадварот, салідарнае. Тыя ж самыя міліцыянеры, калі бачылі гэтыя налепкі, нічога не казалі, але пасміхаліся», – кажа Алесь Круткін, актывіст «Еўрапейскай Беларусі».

Першае судовае паседжанне над старшынём БНФ Рыгорам Кастусёвым адбылося ў Шклове. Прычына – акцыя дзеля абароны незалежнасці ў Менску 20 снежня.

«Гэта справа незаконная, палітычна матываваная!» – Рыгор Кастусёў, старшыня партыі БНФ.

Што праўда, у выніку суд абвесціў перапынак у паседжанні да 10 лютага: на працэсе адсутнічалі сведкі з АМАПу. Да таго ж, у справе прысутнічае ягоны фотаздымак зусім з іншага мерапрыемства зусім у іншым месцы, а сведчанні апамаўцаў супадаюць нават да косак у сказах, што выклікае сумнеў у тым, ці змогуць яны ўвогуле пазнаць Кастусёва. Рыгор Кастусёў, старшыня партыі БНФ, кажа:

«Гэта проста судзілішча. Гэта проста чыноўнікі спрабуюць загасіць вось гэты працэс інтэграцыі, працэс продажу оптам Беларусі Расейскай Федэрацыі. І адназначна, што тут толькі крыецца меркантыльны інтарэс нашых чыноўнікаў – ім незалежнасць краіны, як кажуць, па барабане».

Працэс над Кастусёвым суддзя вяла па-беларуску, што ў Беларусі цяпер вялікая рэдкасць. І гэта хіба адзіны пазітыў. Бо сёння за тую ж незалежніцкую акцыю ў Менску далі 810 рублёў штрафу актывісту Сяргею Неўдаху, а ўжо заўтра будуць судзіць Вячаслава Сіўчыка.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu