Амаль паўтысячы ініцыятыўных групаў падалі заяўкі на рэгістрацыю ў ЦВК


Акругаў 110, таму сярэдні конкурс прыкладна – 4 кандыдаты на акругу. Ужо вельмі весела – гэтак Лукашэнка выказаўся пра першыя дні збору подпісаў, самую ж кампанію назваў вакханаліяй. А што кажа Лідзія Ярмошына, ад якой залежаць вынікі выбараў?

Не абмінуць кандыдата ў дэпутаты, які можа палепшыць наш дабрабыт… Сярод вылучэнцаў у парламент – «Міс Беларусь-2018»!

«Мы падтрымліваем Марыю як прадстаўніцу моладзі, гэта вельмі перспектыўная кандыдатка і прыўкрасны чалавек», – Марта, кіраўніца ініцыятыўнай групы Марыі Васілевіч.

Калі неабходную колькасць подпісаў збяруць, і ЦВК зарэгіструе вылучэнку, выбарцам пакажуць праграму перспектыўнай 22-гадовай кандыдаткі, якая не раз суправаджала кіраўніка краіны на забаўляльных мерапрыемствах.

«Гэта мабыць тая дзяўчына, якую ён абдымаў на хакейным спаборніцтве «Дынама», я тады заўважыў, зацікавіўся. Вакол яго заўжды шмат прыгожых дзяўчынаў, але я не лічу, што яны маюць ісці ў дэпутаты».

«Дзяўчынка ў 20 гадоў… калі б яна была кандыдаткаю навук – юрыдычных ці палітычных (адвольна) – тады можа быць».

«Вельмі спрэчнае пытанне», – кажуць жыхары Менску.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, нават у першыя дні збору подпісаў «ужо вельмі весела». Хоць ля пікету ягонай фаварыткі – ціха і нялюдна… пры тым што менчукі агулам гатовыя даць шанец паспрабаваць сябе кожнаму ахвочаму трапіць у заканадаўчы орган:

«Калі будуць усе прасіць, за ўсіх пастаўлю».

«Літаральна ўчора прыходзілі, ставіла подпіс».

«Калі будуць звяртацца, не буду замінаць – няхай усе ўдзельнічаюць».

Сёння быў апошні дзень прыняцця Цэнтральнай выбарчай камісіяй дакументаў дзеля рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. 350 ужо зарэгістравалі, агулам жа 446 падалі заявы на рэгістрацыю. Адзін прэтэндэнт ужо вылучыўся кандыдатам, ягонае імя старшыня ЦВК не назвала, але ведаем акругу – сямнаццатая Віцебска-Горкаўская.

12 лістапада стартуе датэрміновае галасаванне на 110 акругах, а 17-га – асноўны дзень выбараў у Палату Прадстаўнікоў.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Сённяшняя перадвыбарная вакханалія (інакш гэта не назавеш) перад парламенцкімі выбарамі кажа пра тое, што гэта проста рэпетыцыя прэзідэнцкіх выбараў. Нам паспрабуюць не дазволіць спакойна прайсці гэтыя перыяды. Але мы мусім правесці так, як належыць».

Сярод гэтых стандартаў аднак няма ноу-хау, якое пачулі сёння ад старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай

«Разам з нашай брашурай для ўчастковых камісіяў адпрацаваны сцэнар трэнінгу, і мы змусім, абавяжам, і цяпер гэта вусна, а потым мы запатрабуем графік (назіральнікі замежныя таксама будуць прыязджаць на трэнінг) правядзення дзелавых гульняў па сцэнарах, дзе найбольш істотнаю будзе гульнявая сітуацыя з падлікам галасоў».

Графік «перадвыбарчых вучэнняў» будуць складаць самі камісіі, вынікае са словаў Лідзіі Ярмошынай.

Юлія Цяльпук belsat.eu