Актывісты адшукалі 20 расстрэльных ямінаў каля Кабыляцкай гары – другіх Курапатаў


Даследаванне мясцовасці з дапамогаю сучаснай тэхнікі ды старых мапаў зладзілі сябры ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы»

Курапаты пад Менскам ці 9-ы кіламетр чарнігаўскай шашы пад Гомлем, Хайсы пад Віцебскам ці Кабыляцкая гара пад Воршаю – усё гэта месцы пахавання ахвяраў камуністычнага тэрору. Але калі ў Курапатах расстрэльныя ямы даўно зафіксаваныя і апісаныя прынамсі тапаграфічна, то ў іншых месцах масавых расстрэлаў гэтая праца яшчэ наперадзе.

Каля двух дзясяткаў расстрэльных ямаў 1930-х гадоў адшукалі ды пазначылі актывісты ў лесе ля Кабыляцкай гары пад Воршаю – на месцы сталінскіх расстрэлаў. Сябры ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» зладзілі адмысловае даследаванне мясцовасці з дапамогаю сучаснай тэхнікі ды старых мапаў.

«Спецыяльна для гэтага я знайшоў старыя мапы, за 1941 год, і на іх бачна, што старыя дарогі захаваліся. Тыя контуры, якія былі ў 41-м годзе, па якіх, магчыма, вазілі на расстрэл сюды людзей, яны захаваліся», – кажа Ігар Станкевіч, каардынатар ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы».

Менавіта ўздоўж гэтых старых дарог і размешчаная большасць зарослых ямінаў, якія актывісты сфатаграфавалі ды пазначылі іх GPS-каардынаты.

Рэпартаж Ірыны Дарафейчук глядзіце ў поўным выданні навінаў за 25 траўня

Дагэтуль інвентарызацыяй пахаванняў на Кабыляцкай гары ніхто не займаўся. Знойдзеныя яміны актывісты плануюць пазначыць на электроннай мапе.

«Хацелася б зрабіць такую самую мапу, як гэта зроблена па Курапатах – дакладныя яміны, дакладныя каардынаты, магчыма, нават памеры, каб калі будзе магчымасць правесці тут нейкае даследаванне, мы ведалі, што яміны знаходзяцца там і там, і трэба там іх шукаць», – працягвае Ігар Станкевіч.

Кабыляцкая гара – другое пасля Курапатаў афіцыйна прызнанае ў Беларусі месца сталінскіх рэпрэсіяў. Рэшткі пяцідзесяці расстраляных знайшлі ва ўрочышчы яшчэ ў 1982-м годзе, падчас будовы чыгункі. Усяго ж па розных ацэнках тут расстраляныя ад трохсот да пяці тысячаў чалавек.

«Я б хацеў бачыць народны мемарыял кшталту Курапатаў, дзе асноўным рухавіком развіцця з’яўляюцца людзі. Не дзяржава, не чыноўнікі, а менавіта людзі. Каб людзі па магчымасці ўсталёўвалі помнікі сваім продкам», – кажа Вадзім Філіповіч, праўнук аднаго з расстраляных.

Менавіта сваякі расстраляных, а не дзяржава, займаюцца сёння даследаваннем ды апісаннем месца пахаванняў ахвяраў рэпрэсіяў. Архівы КДБ не раскрытыя да сёння, таму дагэтуль не вядомыя ні дакладная колькасць загінулых, ні месцы расстрэлаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»