Актывістка ЛГБТ адказала МУС – яе асудзілі


У Менску завяршылася першая судовая справа Вікі Біран – актывісткі руху ЛГБТ, якая сфатаграфавалася насупраць урадавых будынкаў з плакатам «Самі вы падробка».

Гісторыя распачалася яшчэ ў траўні, і была справакаваная ананімным тэкстам на старонцы Міністэрства ўнутраных справаў. Пасля былі выказванні мініістра замежных справаў Беларусі і акцыі Брытанскай амбасады, але самым гучным у гэтай гісторыі стаў флэшмоб актывістаў ЛГБТ па ўсім свеце з партрэтам беларускага міністра. Алесь Залеўскі.

Брава і эмоцыі на гей-прайдзе ў Злучаных Штатах ды пакора і стрыманасць перад правасуддзем на вуліцы Кірава ў Менску. Тыя ж дзеючыя асобы, але ў розных краінах.

«Яны маюць права змяшчаць сваё меркаванне на сайце, а я не маю такога права ў сваім «Facebook» рабіць? Неяк дзіўна», – казала перад судом гераіня фота Віка Біран.

Міліцыя класіфікавала здымак як «адзіночны пікет», які падпадае пад масавае мерапрыемства. Такіх фотаў на «Facebook»-акаўнце Біран было яшчэ два – насупраць КДБ і МУС. Фоты з’явіліся ў траўні, пасля адыёзнага артыкула на сайце ведамства, якім кіруе Ігар Шуневіч.

Брытанскія дыпламаты, як і іхныя калегі з іншых заходніх краін вывесілі на амбасадзе ў Менску вясёлкавы сцяг, які сімвалізуе рух геяў і лесбіянак. Праз некалькі дзён ананім на галоўнай старонцы МУС заяўляе, што «яны не пройдуць». Міністр Шуневіч, аматар пераапранання ў форму НКВД, не хаваў, што артыкул, дзе змаганне ЛГБТ за свае правы называлася «падробкай», яго ініцыятыва. У выніку за свой партрэт на фоне ўрадавых будынкаў Біран атрымала позву ў суд, а фота міністра Шуневіча… трапіла на гей-прайды ў розных краінах свету.

Яшчэ трошку, і нарадзінец Луганску стаўся б другім пасля Лукашэнкі самым вядомым у свеце беларускім дзяржаўным дзеячам.

«Ён дзейнічае ў рэчышчы сваіх уяўленняў пра тое, што ад яго чакае бос, і ну і савецкіх замшэлых імпульсаў», – заўважае палітолаг Алесь Лагвінец.

Тролінг працягваецца. Брытанскія дыпламаты апранаюцца ў колеры вясёлкавага сцягу і публічна дэманструюць фота. Прадстаўнікі яе Вялікасці былі і сёння на судзе, як і дзясяткі прыхільнікаў руху ЛГБТ у Менску. Адказ міністру Шуневічу «самі вы падробка» суд ацаніў у 15 базавых велічыняў.

Але і гэта не канец гісторыі. Віку Біран чакаюць яшчэ два аналагічныя працэсы ў розных раёнах Менску. А таму дыскусія з МУС на тэму правоў ЛГБТ у Беларусі працягнецца, толькі ўжо ў судовых залах.

Алесь Залеўскі, belsat.eu