Аксацылін, лідакаін, супрацьзачаткавыя – цяпер толькі з рэцэптам

Аксацылін, алфлутоп, лідакаін, усе супрацьзачаткавыя! Лекі, якія можна было свабодна набыць у аптэцы, цяпер – толькі з рэцэптам! Значна пашырыўся рэцэптурны спіс ін’екцыйных лекаў ды антыбіётыкаў. Як гэта паўплывае на нашае здароўе?

Кальнула ў баку ці ў горле дзярэ… Адзін парадамі з інтэрнэту будзе лекавацца, другі да доктара пойдзе, а трэці – адразу ў аптэку. Дыягназ любім ставіць сабе самі ці просім парады ў фармацэўта. Дапаможа – не ў кожным выпадку.

Калі людзі цяжка хварэюць – пачынаюць эксперыментаваць з медыкаментамі. Найгорш, калі перабіраюць антыбіётыкі, кажа загадчыца адной з менскіх аптэк Наталля Бельчыкава:

«Адзін, другі трэці, пяты… і вось ён прыходзіць да лекара, сваю хваробу не вылекаваў, а залекаваў. І спрабуй доктару разгадай, якім жа шостым антыбіётыкам яго вылекаваць, калі ўнутры чалавека ўжо настолькі ўстойлівыя патагенныя бактэрыі сядзяць, што ніякі антыбіётык іх ужо не бярэ».

Сёння аптэкі распачалі працу згодна з новымі правіламі, бо спіс медыкаментаў «толькі з рэцэптам» значна пашырыўся. Набыла моц адпаведная пастанова Міністэрства здароўя № 27. Надалей можам свабодна набываць гамеапатычныя лекі, аспірын, парацэтамол ды такія антыбіётыкі, як амоксіцыклін ці ампіцылін.

Васіль Аўраменка, неўролаг:

«Што датычыць прэпаратаў-мітабалітаў, якія паляпшаюць абмены мазгавой тканкі ці хондапратэктары, як той жа алфлутоп – кепска не паўплываюць, і іх уключэнне ў гэты спіс, на маю думку, не вельмі рацыянальнае».

У рэцэптурны спіс трапілі амаль усе інʼекцыйныя прэпараты – не толькі тыпу лідакаіну, алфлутопу і актавегіну. Вітаміны і правітаміны ўнутрымышачна ці ўнутрывенна цяпер толькі з рэцэптам, у пігулках – без.

«Каробку выпісаць, трэба ісці да лекара, а патрапіць да лекара, мы ўсе разумеем, да тэрапеўта яшчэ можна, але да вузкага спецыяліста – месяц чакаюць, два месяцы… За гэты час можна паправіцца, або наадварот», – тлумачыць неўролаг Васіль Аўраменка.

Пабочнага ж дзеяння новаўвядзення баяцца патэнцыйныя пацыенты.

«Праблема канешне, што з рэцэптам цяпер ісці па лекі «на ціск». Мне цяжка хадзіць у паліклініку і глядзець там на гэтыя чэргі», – кажа жыхарка Магілёва.

Дзе-нідзе гэтыя чэргі і без таго пачынаюцца на світанні.

У новай сітуацыі часткова прасцей будзе хранічна хворым, якія атрымліваюць рэцэпты не на адзін, а на тры месяцы. Жанчыны, якія набываюць супрацьзачаткавыя пігулкі, змогуць атрымаць неабходную для аптэкі пячатку гінеколага таксама на курс з некалькіх месяцаў.

«Людзі дарослыя то не саромеюцца, а падлеткі, якім 16-17 гадоў, – патрабуюць без рэцэпту, бо яны не пойдуць да лекара».

«Няхай маладыя ідуць і кансультуюцца з лекарам, берагуць сваё здароўе і нараджаюць добрых дзяцей», – гавораць жыхаркі Магілёва.

Новыя правілы маюць клапаціцца пра нашае здароўе. Галоўнае ж пытанне: ці адпаведна падрыхтаваныя да новых правілаў медычныя ўстановы і мы самі.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Глядзі таксама