Агонь Другіх Еўрапейскіх гульняў спаткалі ў Магілёве


Агонь Другіх Еўрапейскіх гульняў – Полымя міру – сустрэлі на Магілёўшчыне. Першым прыпынкам стаў мемарыяльны комплекс Буйніцкае поле. Паходняносцамі ж сталі знакамітыя магілёўцы і прафесійныя спартоўцы.

Эстафета пачалася на Буйніцкім полі, месцы баёў у часы Другой сусветнай. Сярод тых, хто нёс агонь – чатырохразовы прызёр алімпійскіх гульняў Юрый Голуб, мастак Віктар Альшэўскі, лідар гурта «Nizkiz» Аляксандр Ільін і спявачка з гурта «IOWA» Кацярына Іванчыкава. Яна кажа:

«Полымя запалілі ў Рыме! Мы павінныя яго захоўваць, і я адчула, што я захавальніца! Божа! І гэта хвалюе. Па-вар’яцку. Мне спадабалася. Я зноў адчула сябе часткаю Беларусі, часткаю гэтага народу. Люблю».

Нягледзячы на надворʼе, паглядзець на ўрачыстую цырымонію сабралася шмат народу:

«Гэта сапраўды знакава, трэба далучаць і моладзь у тым ліку. Не важна, што, мабыць, дзесьці не зусім добраахвотна».

«Мы прыйшлі ўсёй школай, дзеці былі апранутыя, са сцяжкамі, з шарыкамі, вядома, гэта натхняе».

Пасля імпрэзы на Буйніцкім полі паходню давезлі да прыстані, па Дняпры яна трапіла ў Магілёў. Неўзабаве полымя працягне сваё падарожжа па іншых гарадах Беларусі.

Другія Еўрапейскія гульні адкрыюцца ў Менску 21 чэрвеня.

Ян Вярбіцкі, belsat.eu