Агляд спартовых навінаў 20.12.2016

Напад на Пэтру Квітаву

На чэшскую тэнісістку Пэтру Квітаву напалі ўва ўласным доме. Інцыдэнт здарыўся, калі 11-ая ракетка свету вярнулася дадому пасля трэнінгавага збору ў Іспаніі. У выніку нападу Пэтра аказала супраціў рабаўніку, атрымала нажавое раненне левай рукі і была дастаўленая ў шпіталь. Жыццю двухразовай чэмпіёнцы «Ўімблдану» нічога не пагражае, але невядомаму злачынцу ўдалося ўцячы з месца злачынства, яго шукае паліцыя.

Хакей

Чарговы гульнявы дзень у НХЛ змясціў 4 матчы. Найбольш шайбаў – 6 – было закінута ў матчы «Арызона» – «Кэлгары», тут 2:4, параза «Коёўтс». Таксама ў асноўны час скончыўся двубой, дзе «Анагайм» у гасцях перагуляў «Таронта» 3:2. Толькі ў оўвэртайме пераможцу выявілі ў сустрэчы «Сэнт-Луіс» – «Эдмантан», тут 3:2, вікторыя «Ойлерз». І, нарэшце, толькі ў серыі булітаў «Нэшвіл» на выездзе даціснуў «Філадэльфію» 2:1. Таксама сёння стала вядома, што камісар НХЛ Гэры Бэтмэн і кіраўнік прафсаюзаў гульцоў лігі Доналд Фэр ізноў сустрэнуцца, каб абмеркаваць магчымасць выступлення хакеістаў на Алімпіядзе ў Пхеньяне.

Футбол

Мадрыдскаму «Рэалу» скарацілі тэрмін забароны на трансферную дзейнасць. Сёння спартовы арбітражны суд у Лазане задаволіў апеляцыю «вяршковых». «Каралеўскі клуб» спрабаваў цалкам пазбавіцца ад забароны, але яго апеляцыю задаволілі толькі часткова. Такім чынам, «Рэал» не зможа падпісваць новых футбалістаў у зімовае трансфернае вакно, але зможа гэта рабіць ужо наступным летам.

Нагадаем, што ў канцы студзеня дысцыплінарны камітэт ФІФА забараніў клубам «Атлетыка» і «Рэал» падпісваць новых гульцоў цягам двух трансферных вокнаў у сувязі з парушэннем клубамі правілаў міжнароднай рэгістрацыі ды трансфераў гульцоў векам да 18-ці гадоў.

Абодва клубы не згодныя з такою пастановаю ФІФА і маюць намер падаць апеляцыю на трансферную забарону. Падчас апошняга трансфернага вакна санкцыі ў дачыненні мадрыдскіх клубаў не дзеялі. Згодна з рэгламентам, пастанова ўступае ў моц толькі пасля разгляду ўсіх апеляцыяў.

Крыштыяну Раналду

Форвард мадрыдскага «Рэалу» і зборнай Партугаліі Крыштыяну Раналду за сёлетні сезон атрымае прыз найлепшаму гульцу года па версіі Міжнароднай федэрацыі футбола. Пра гэта сёння паведаміла адна з самых аўтарытэтных газетаў Іспаніі штотыднёвік «Mundo Deportivo». Цырымонія ўручэння ганаровай узнагароды адбудзецца 9-га студзеня ў штаб-кватэры ФІФА ў Цюрыху. Сёлета Раналду стаў уладальнікам «Залатога мяча» па версіі журнала «France Football». У 2016-ым годзе Крыштыяну з «Рэалам» выгуляў Лігу Чэмпіёнаў і клубны Чэмпяінат свету, а са зборнай Партугаліі першынство Старога свету.

Фота: Ройтэрз

Глядзі таксама