Адзін з нямногіх, хто супрацьстаяў Лукашэнку. 20 гадоў таму знік Юрый Захаранка


20 гадоў таму знік былы міністр унутраных справаў Беларусі ды апанент дзейных уладаў Юрый Захаранка. Папярэдняе расследаванне прыпынена, зніклага палітыка ды вінаватых у знікненні дзяржава не шукае.

Пустыя закінутыя вокны. Тут, на трэцім паверсе, жыў Юрый Захаранка. 20 гадоў таму яго выкралі, калі ён вяртаўся дадому, зусім недалёка ад хаты.

Улляна Захаранка, маці палітыка, гэтак і не дачакалася праўды пра сына, яна памерла амаль год таму:

«Гэта было 10 гадзін вечара. Яшчэ бачна было. Людзі на дварэ гулялі, дзеці гулялі. А машына падскочыла чырвоная, збоку прыбег яшчэ адзін у масках, Юру схапілі, у машыну кінулі, зламалі, сагнулі і павезлі».

Сёння да месца выкрадання прынеслі кветкі прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сябрам Палітрады якой з 1996 года быў зніклы палітык.

«Гэта адзін з нямногіх людзей, які знайшоў у сабе сілы супрацьстаяць Лукашэнку, ягоным дыктатарскім замашкам і таму, што мы маем зараз», – распавядае Мікалай Казлоў, АГП.

Падчас першых прэзідэнцкіх выбараў Юрый Захаранка ўваходзіў у каманду Аляксандра Лукашэнкі. З 1994 да 1996-га ачольваў Міністэрства ўнутраных справаў, але быў зняты з пасады на загад кіраўніка краіны і стаў адным з галоўных апазіцыйных лідараў.

«Канечне, ён ствараў пагрозу Лукашэнку. Асабіста ў мяне была просьба перагаварыць з ім аб цёмных месцах біяграфіі Лукашэнкі. Ён сказаў: добра, я пагляджу. І праз нейкі час мне патэлефанаваў і сказаў, што ўсе дакументы знішчаныя, іх няма ў прыродзе», – успамінае Уладзімір Раманоўскі, АГП.

Палітык пачаў актыўна выступаць з крытыкаю Аляксандра Лукашэнкі, ствараў аб’яднанне афіцэраў сілавых структураў.

Юрый Захаранка, былы міністр унутраных справаў, зніклы палітык. Архіў. Фільм «Звычайны прэзідэнт»:

«Калі размаўляў я з прэзідэнтам, прысутнічаў Шэйман, прэзідэнт кажа: «Ты павінен выконваць любы мой указ». Я яму кажу: «Аляксандр Рыгоравіч, людзей расстрэльваць я не буду, Канстытуцыю парушаць я не буду». «Калі ты не выканаеш любога майго ўказу, табе надзенуць кайданкі». Гэта запужванне ці не запужванне? Гэта стыль кіравання прэзідэнта».

Экс-міністр знік усяго праз месяц пасля падазронай смерці Генадзя Карпенкі, які лічыўся галоўным кандыдатам на прэзідэнта ў альтэрнатыўных выбарах 1999 года. Яшчэ праз паўгода знік іншы праціўнік Лукашэнкі, былы кіраўнік ЦВК Віктар Ганчар. Справу паводле факту забойства Юрыя Захаранкі распачалі паводле артыкулу «наўмыснае забойства».

«Нам ні разу ніякай інфармацыі не давалі: ні сваякам, ні нам, грамадскім дзеячам. Мала таго, мы адзіны раз, прадстаўнікі грамадскасці, у чэрвені 1999 года сустракаліся са следчай Байковай, якой падалі доказы, што яго гвалтам схапілі, і нам сказалі, што будуць разбірацца, і больш ніякіх сустрэчаў не было», – расказвае Алег Волчак, прадстаўнік сям’і Захаранкі.

Сёлета ў студзені папярэдняе расследаванне было прыпыненае, але ніякай інфармацыі аб тым, як ішло следства, якія версіі правяраліся, сям’і гэтак не далі. У выніку няма магчымасці і абскардзіць дзеянні следчых.

10 гадоў таму ў Менску яшчэ праходзілі акцыі, ланцугі неабыякавых людзей, дзе ўзгадвалі зніклых палітыкаў. Сёння акцыяў няма, але сярод апытаных шмат тых, хто памятае Захаранку.

«Гэта забіты былы міністр унутраных спраў, дастаткова гучная справа была».

«Гэта якога на загад Лукашэнка ўгробілі, ён знік».

«Ну гэта не дзіўна. На жаль, так жывём, вельмі кепска жывём», – кажуць жыхары Менску.

Міжнародная супольнасць падазрае ў арганізацыі выкраданняў гэтых людзей працаўнікоў сілавых структураў Беларусі. Са словаў былога начальніка СІЗА нумар адзін Алега Алкаева, Захаранку выкралі ды расстралялі на загад набліжаных да Лукашэнкі.

Вольга Чайчыц, belsat.eu

Гарачы каментар
«Можа, гібель Захаранкі – прычына ўпартасці Лукашэнкі ў тым, каб сядзець ва ўладзе, бо яго рукі ў крыві…»
2019.05.07 23:22